Аб граху брыдкаслоўя, альбо чаму слова забівае?

«І сказаў Бог: Няхай станецца святло… Няхай станецца скляпенне пасярод водаў … Няхай зямля выдасць зеляніну, траву, што рассявае насенне…» (Быц 1).

Каб ствараць, Бог вызваляў вялікую моц слова, моц, пра якую мы ведаем вельмі мала. Але калі я, напрыклад, не ведаю, як зямля прыцягвае да сябе ўсё, што знаходзіцца на яе паверхні, гэта не значыць, што сілы прыцягнення не існуе. Яна ёсць! Тое ж самае можна сказаць і пра сілу вымаўленага слова. Ці думаў ты пра словы, якія вымаўляеш на працягу дня? У тваіх словах — любоў ці нянавісць, ты ствараеш альбо знішчаеш? Успомні, чалавек, ты створаны на вобраз і падабенства Божае, а гэта значыць, што слова, якое сыходзіць з тваіх вуснаў, надзелена вялікаю сілаю. Аднак вечны хітрун і ашуканец — д’ябал — зрабіў так, што мы самі ж сваімі словамі праклінаем уласнае жыццё. Як гэта адбываецца? Вельмі проста — праз г. зв. ненарматыўную лексіку (брыдкаслоўе), альбо, як яе называюць у народзе, мат.

Брыдкаслоўе — хвароба нашага грамадства, якая апанавала многіх людзей самых розных слаёў і ўзроставых групаў. Брыдкаслоўе пранікла ў друк, кіно, на тэлебачанне. Ужо паўсюдна можна чуць, што мат — нармальная з’ява ў мове. Мат пагражае стаць ледзь не альтэрнатывай нармальнай літаратурнай мовы. Гнілыя словы становяцца нормай у мове. Брыдкаслоўе ўжываецца нават у сем’ях і паміж дарослымі, і нават у размове бацькоў з маленькімі дзецьмі. Нядаўна мой знаёмы расказаў, што яго трохгадовы сын, стукнуўшыся аб нешта, мацюкнуўся. А на пытанне аб тым, адкуль ён ведае гэтыя словы, адказаў: «У садку так гавораць».

Калісьці мужчыны саромеліся мацюкацца ў прысутнасці жанчын, а цяпер ужо самі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва брыдкасловяць не менш за мужчын. Штохвілінна дзеці і дарослыя знаходзяцца ў небяспецы, хоць да канца не разумеюць усю небяспеку брыдкаслоўя. Д’ябал старанна хавае ад людзей паходжанне мацюкальных выразаў і тое, якую шкоду мат можа нанесці.

Карані гэтай з’явы бяруць свой пачатак у далёкай язычніцкай старажытнасці. Каб засцерагчы жыццё ад зласлівых нападак дэманічнага свету, людзі дахрысціянскай эпохі ўваходзілі з дэманамі ў кантакт. Дэмана альбо трэба было ўлагодзіць (прыносіць яму ахвяры), альбо напалохаць.

Дык вось, палохалі дэмана менавіта лаянкай. Прыклад гэтага можам назіраць, калі сварацца паміж сабою суседзі, спрабуючы ўжываць найбольш вострыя выразы, а таксама гучней крычаць, каб напалохаць супрацьлеглы бок. Мат — гэта праяўленне агрэсіі, пагрозы. Больш за тое, гэта праклён, які чалавек насылае на таго, каго ён «крые», маючы на мэце ўдарыць ворага ў самае «сэрца» яго жыццядайнай сілы: праклясці мацярынства, мужчынскі пачатак і ўсё, што з гэтым звязана. Вось чаму маты звязаны з сексуальнымі органамі і інтымнымі зносінамі. Нават у часы язычнікаў строга забаранялася мацюкацца ва ўласным доме і ў хляве (каб не сурочыць скаціну). Страшным грахом лічылася лаяць дзіця альбо цяжарную жанчыну.

Матнае слова не толькі сімвалізуе зло, але з’яўляецца ім, бо звязана з дэманічнымі сіламі. Калі вам трапіцца энцыклапедыя паганскіх багоў, вы будзеце здзіўленыя тым, што многія мацюкальныя словы — гэта імёны духаў, з якімі мелі зносіны язычнікі. Я не магу і не хачу называць іх, але некаторыя ўзгадаю, каб вы разумелі, што гэта не проста брыдкае слова, але імёны даўно вядомых людзям духоўных сілаў: Даўбешка, Шыш, Чума, Стукач, Чорт, пердуны, багіня Пізі (яе фігуру выцёсвалі з дрэва, галоўнае ў ёй — вялікая жаночая вульва, якой і пакланяліся). Гэта толькі некаторыя з паганскіх багоў славянаў. Думаю, вы разумееце, што мацюкамі сталі імёны не толькі славянскіх багоў, але і імёны злых духаў многіх іншых народаў. Прамаўляць гэтыя імёны, значыць клікаць іх у сваё жыццё. І яны, вядома ж, прыходзяць, таму што дух заўсёды прыходзіць на ахвярнік, значыць туды, куды яго клічаш. Клічаш зло — яно і становіцца тваім верным спадарожнікам. Чым больш клічаш, тым больш яно цябе акружыць, так прыліпне, што не вырвешся. Атрымліваецца, што чалавек сам аддае сябе ў рукі д’ябла.

Некаторыя кажуць: «Я мацюкаюся без зла, гэта так, для звязкі словаў, прывык». Некаторыя спрабуюць замяняць брыдкаслоўе іншымі, на іх погляд, менш зласлівымі выразамі. Гэта самападман, хлусня, пастка. Трапішся на гэтую вуду, а разлічвацца давядзецца тваім дзецям і ўнукам.

«…За кожнае марнае слова, якое скажуць людзі, дадуць яны адказ у дзень Суда: бо паводле словаў сваіх апраўдаешся, і паводле словаў сваіх асудзішся», — папярэджвае нас Езус у Евангеллі.

У медыцынскай практыцы вядома такая з’ява: пры поўнай паралізацыі мовы, калі чалавек не можа сказаць ні «так», ні «не», ён можа, тым не менш, прамаўляць цэлыя выразы, якія складаюцца з ненарматыўнай лексікі. З’ява дзіўная і гаворыць пра многае. Атрымліваецца, што так званы мат праходзіць па зусім іншым нервовым ланцужку. Гэта дэман, выкарыстоўваючы грахоўную звычку чалавека, чыніць яму такое «дабрадзейства», дэманструючы сваю ўладу над часткова змярцвелым целам. Прасцей кажучы, словы нянавісці, праклёны, мат — гэта стрэлы, кулі, снарады, гэта смяротная зброя, якая разбурае і забівае ўсё, да чаго дакранаецца.

Жонка, змучаная бесперапыннымі п’янкамі мужа, праклінае яго кожны дзень: «Крывапіўца, каб ты згарэў ад сваёй гарэлкі, каб ты заліўся ёю…». Муж п’е ўсё больш і больш. Муж згарае ў гэтым п’яным чадзе. Потым на пахаванні жонка галосіць: «Я ж цябе прасіла: не пі, а ты не слухаў, і на каго ж ты нас цяпер пакінуў?». Што адбылося ў жыцці гэтай сям’і? Гарэлка забіла мужчыну? Не! Выпіўка — гэта толькі бачная вяршыня айсберга. Нябачная і значна большая частка прычыны — гэта спадчынныя праклёны і праклёны жонкі. Запомніце назаўсёды: праклінаючы п’яніцу, вы дапамагаеце гарэлцы панаваць над чалавекам, вы ўласнымі рукамі капаеце яму магілу.

Вы думаеце, што п’яніца хоча піць? Думаеце, што спалены страўнік альбо хворая печань алкаголіка крычаць: «Як нам прыемна, давай яшчэ!»? Ці, можа, заўчасна зношанае сэрца наркамана «просіць» большай дозы наркотыкаў, каб хутчэй разарвацца? Не! Чалавечаму арганізму гэта не трэба, гэта ненармальна! Але чаму ненармальнае пачынае адбывацца з мужчынамі, жанчынамі, дзецьмі? Ці не таму, што тысячы людзей бяздумна пасылаюць ва ўсе бакі кулямётныя чэргі словаў злосці і праклёнаў.

Ёсць нават такія, хто ставіць кляймо праклёну на сваіх родных, гаворачы: «Дачка ў мяне кончаная прастытутка, яе толькі магіла выправіць». Які жах — забіваць уласных дзяцей! На жаль, гэта адбываецца паўсюдна. Чаго толькі ні пачуеш ад бацькоў, якіх засмуціла альбо вывела з сябе дзіця: бесталковы, ідыёт, дэбіл, скаціна, свіння… І, звярніце ўвагу, як хутка дзеці асвойваюць «навуку знішчэння», як паміж сабой яны выкарыстоўваюць тыя ж самыя «кулі» і «снарады» .

«…Ім [языком] праслаўляем Бога і Айца — і ім праклінаем людзей, што створаныя на падабенства Божае… Не павінна гэтага быць, мае браты» (Як 3, 9–10).

Згубная сіла брыдкаслоўя знаходзіць сваё пацвярджэнне навукова.

У Расіі эксперыменты са словамі праводзіліся пад кіраўніцтвам старэйшага навуковага супрацоўніка аддзела тэарэтычных праблем Расійскай Акадэміі навук Пятра Гараева. Вучоны піша ў сваёй кнізе «Волновой генетический код», што некаторыя словы, якія людзі часта ўжываюць, па сваёй разбуральнай сіле можна параўнаць толькі з наступствамі тэрмаядзернага выбуху. Праклёны і мат, пранікаючы ў арганізм праз органы слыху, літаральна выбухаюць у генетычным апараце чалавека, скажаючы яго спадчынныя праграмы. Адбываюцца мутацыі, якія вядуць да непазбежнага выраджэння.

Навукоўцы стварылі прыбор, здольны перакладаць чалавечую мову на электрамагнітныя хвалі. Аказалася, што некаторыя словы, якія гавораць навукоўцы ў вынайдзены імі прыбор, імгненна выклікаюць у клетках жывога арганізма мутагенны эфект жахлівай сілы: знявечваюцца і рвуцца храмасомы, носьбіты спадчыннай інфармацыі — гены — за долю секунды могуць памяняцца месцамі. З-за гэтага хаосу ДНК пачынае выпрацоўваць ненатуральныя праграмы, якія, у рэшце рэшт, задаюць гэтаму арганізму і яго нашчадкам праграму самазнішчэння.

Даказана, што «нячыстыя» словы выклікаюць у жывой клетцы арганізма мутагенны эфект, які па сваім знішчальным уздзеянні роўны сіле радыеактыўнага выпраменьвання ў 30 000 рэнтген (смяротнай дозай для чалавека лічыцца ўзровень радыяцыі ў 50 рэнтген).

Свае вопыты навукоўцы ставілі на насенні расліны, так званай араба-допсіс. Усё насенне ў выніку загінула! Перажываючы слоўны кашмар, насенне ператварылася ў генетычнае выраджэнне, не здольнае праграмаваць развіццё здаровага патомства. Мутанты перадавалі па спадчыне мноства хваробаў. У кожным пакаленні гэтыя хваробы праяўляліся ўсё ў больш цяжкай форме, што ў рэшце рэшт вяло да поўнага выраджэння.

Больш за ўсё навукоўцы былі здзіўленыя тым, што мутагенны эфект не залежыць ад таго, гучна, ціха ці нават шэптам прамаўляліся словы. Вынік быў аднолькавы. З гэтага можна зрабіць выснову, што бацька і маці, якія руйнуюць сябе тытунём і гарэлкай, ужо нясуць у сваім арганізме пашкоджаную генетычную праграму, якую перадаюць дзецям. Падчас сямейных скандалаў, мімавольнымі сведкамі якіх становяцца дзеці, бацька з маці працягваюць разбураць ДНК дзіцяці. Разбурэнне працягваецца да таго часу, пакуль у чалавеку не ўключаецца праграма самазнішчэння. Тады «на дапамогу» прыходзяць таксікаманія, алкагалізм, наркаманія, жаданне пакончыць жыццё самагубствам.

Дзіўна, але аб усіх гэтых сучасных навуковых даследаваннях Біблія распавяла тысячагоддзі таму. Па малітвах праведнікаў ва ўсе часы ацаляліся безнадзейна хворыя людзі. Благаслаўленні святых ахіналі многія пакаленні людзей, у адрас якіх яны былі выказаны. Бог, які ва ўсе часы выбаўляў чалавека ад разбуральнай сілы праклёну, сёння і навекі той жа. Толькі Ён можа аднавіць цябе, даць табе новае жыццё і, разбурыўшы сілу праклёну, благаславіць цябе, тваіх дзяцей і ўнукаў. Лекар у шпіталі падтрымае тваё цела, дапаможа пазбавіцца ад фізічнай залежнасці. Але памятай: за ўсялякай фізічнай залежнасцю стаіць залежнасць духоўная — разбуральная сіла дзейснага ў тваім жыцці праклёну. Ад гэтай залежнасці пазбаўляе толькі Пан Бог! Малітва, споведзь, святая Камунія дапамагаюць жыць у свабодзе дзяцей Божых, а Касцёл быў, ёсць і будзе крыніцаю благаслаўлення.

Кс. Дзяніс Шастаковіч MSF, ave-maria.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі