“Аазіс жыцця” прайшоў у Докшыцах

IMG_3804Рэкалекцыі “Аазіс жыцця” прайшлі з 29 ліпеня па 6 жніўня ў Докшыцах.

Ніводныя канікулы ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах не праходзяць без моладзевых і дзіцячых спатканняў. Штогод у Докшыцы наведваюцца аніматары і ўдзельнікі з Маладзечна, Слоніма, Наваполацка, Гродна, а таксама з саміх Докшыц і Докшыцкага раёна.

Правёў “Аазіс жыцця” бр. Віталь Юркевіч з дапамогай сясцёр адараторак Крыві Хрыста з гэтай парафіі. У рэкалекцыях удзельнічала каля 60 чалавек.
Удзельнікі разважалі над тэмай біблійнай гісторыі збаўлення. Дапамогай для моладзі сталі канферэнцыі, якія распавядалі пра тое, як насычацца Святым Духам у сваім жыцці, пра сакрамант споведзі, пакліканне і пра ўсе таямніцы Святой Імшы.

На гэтых рэкалекцыях можна не толькі пазнаць сябе ў Богу, але і развіць свае таленты ў розных кірунках, знайсці сабе новых сяброў падчас вясёлых гульняў, танцаў і тэматычных вечароў.

Аднак галоўная мэта гэтых рэкалекцый – наблізіцца да Госпада, умацавацца ў Святым Духу, і, што немалаважна, захаваць усё тое, што атрымалі, ў штодзённым жыцці.

Бог кожны дзень робіць цуды. І гэтыя рэкалекцыі сталі духоўным набыткам таксама для ўжо дарослых аніматараў. Бог — усемагутны, толькі варта адкрыць сэрца для Яго, і Ён у момант можа змяніць наша жыццё на 180 градусаў. Менавіта для гэтага ў докшыцкай парафіі праводзяцца рэкалекцыі, дзе моладзь збіраецца, каб знайсці Бога.

Вераніка Далжук

для друку для друку