Аўтамотафэст у Лепелі распачалі з малітвы ў касцёле

17 – 18 жніўня ў Лепелі прайшоў музычны аўтамотафэст. Гэта мерапрыемства праводзілася па прыватнай ініцыятыве аўта- і мотааматараў, адзін з яго натхняльнікаў і арганізатараў – жыхар Лепеля Валерый Асоўскі.

– Ну і паколькі ўжо ў яго было жаданне правесці гэта свята, то мы вырашылі распачаць яго з асвячэння матацыклаў, – паведаміў кс. Уладзімір Заянчкоўскі, пробашч лепельскай парафіі Святога Казіміра.

Байкеры сабраліся ў касцёле, дзе кожны памаліўся ў сваёй інтэнцыі. Потым арганістка Таццяна выканала некалькі спеваў, сярод якіх была песня “Малюся за цябе, Беларусь”. Пасля гэтага ксёндз Уладзімір асвяціў матацыклы.

Далей удзельнікі свята накіраваліся за горад на аэрадром, дзе і адбыўся гэты фэст. Падобнае мерапрыемства праводзілася у Лепелі і раней, яно было прымеркаванае да гарадскога свята лепельскага цмока. Сёлета горад яго не праводзіў, але аўта- і мотааматары вырашылі ўсё адно сабрацца разам.

Зміцер Лупач

для друку для друку