А як у іх? У Варкуце таксама з’явіцца помнік рэпрэсаваным

У сталіцах ГУЛАГа усталёўваюць маскі смутку.

У Рэспубліцы Комі ў РФ абмяркоўваюць ўстаноўку ў Варкуце манумента памяці ахвяр рэпрэсій. Губернатары Свярдлоўскай і Магаданскай абласцей звяртаюцца да ўладаў Комі з просьбай ўвасобіць задуму скульптара Эрнста Неізвеснага аб стварэнні “Трыкутніка смутку”. Гаворка ідзе аб будаўніцтве трэцяй, апошняй “Маскі Смутку”, гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі Свярдлоўскай вобласці.

Мемарыял “Трыкутнік смутку” ў памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій пачалі будаваць ужо больш за 20 гадоў таму. Паводле задумы Эрнста Неізвеснага, манументы павінны з’явіцца ў трох “сталіцах” ГУЛАГа — Магадане, Екацярынбурзе (былы Свярдлоўск) і Варкуце. У двух гарадах помнікі ўжо ўсталяваныя.

Адзначым, што толькі толькі ў Екацярынбургу пахавана каля 20 тысяч чалавек, расстраляных супрацоўнікамі НКВД у 1930-х гадах. А ў Варкуце, дарэчы, адбываў зняволенне беларускі кардынал Казімір Свёнтэк.

Праект мемарыяла рэпрэсаваным абмяркоўваецца і ў Беларусі — такі помнік павінен з’явіцца ў Курапатах пад Мінскам.

www.katolik.life

для друку для друку