- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

А. Антон Нікалаеў, рэдэмптарыст з Мінска, хваліць Госпада, танцуючы брэйк-данс

IMG_0136 [1]Кожны святар праслаўляе Бога малітвай. Гэта ўжо звыклы для людзей спосаб. А вось а. Антон Нікалаеў, рэдэмптарыст з парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску, хваліць Госпада, танцуючы брэйк-данс.

– Скажыце, калі Вы ўпершыню адчулі жаданне танцаваць брэйк-данс?

– Зацікаўленне прыйшло яшчэ ў школьныя гады, дзесьці напрыканцы 90-ых. У тыя часы ўжо можна было пабачыць гэтыя танцы ва ўрыўках з тэлеперадач. Я яшчэ не ведаў пэўнай тэхнікі, як трэба правільна танцаваць. На пачатку эпохі інтэрнэту пачалі з’яўляцца відэаўрокі вулічных танцаў. Тады я пачаў вучыцца. З’явіўся таксама стымул: танец мог дапамагаць у працы з моладдзю. Калі я працаваў у Львове, мы наладзілі гурток для падлеткаў і дзяцей з парафіі і разам танчылі.

– Ёсць мноства відаў вулічных танцаў. Якімі з іх Вы найбольш цікавіцеся?

– Я зацікавіўся двума. Адзін з іх брэйк-данс, а другі – попінг. Гэтыя танцы зарадзіліся ў Амерыцы. Калі яны прыйшлі ў Савецкі Саюз, попінг памылкова пачалі называць верхнім брэйк-дансам. Насамрэч гэтыя стылі ўзніклі ў розныя гады ў розных месцах і выконваюцца пад розную музыку. Але яны належаць да хіп-хоп культуры. Таму на адным спаборніцтве могуць сустракацца танцы розных відаў.

– Якім чынам Вашае пакліканне звязана з танцамі?

– Танец для мяне – сродак евангелізацыі. Езус вучыць нас быць вынаходлівымі і выкарыстоўваць тыя таленты, што ў нас ёсць. Я люблю танцаваць. Гэтым дарам я магу праславіць Госпада. Кніга Валадарстваў расказвае пра караля Давіда, які выказваў радасць, танцуючы перад Богам. Ведаем, што Папа Ян Павел II сустракаўся з танцорамі брэйк-дансу. Яны танцавалі перад ім. Папа заўсёды быў адкрыты для творчых людзей. У нас шмат дароў, якія мы можам развіваць на хвалу Божую. Танец – добрая нагода для таго, каб падзяліцца радасцю з іншымі. Паказваючы пэўны нумар, я служу бліжнім. Гэта таксама доступ да маладых. Вялікая колькасць маладых людзей належыць да той ці іншай субкультуры. Выходзячы да падлеткаў, мы паказваем, што цікавімся іх жыццём. Яны бачаць, што супольнасць вернікаў неабыякавая да іх захапленняў. Як вынік яны пачынаюць добра ставіцца да Касцёла.

– Брэйк-данс – вулічны танец. Раскажыце пра Вашы танцы для шырокага кола гледачоў?

– У нас было некалькі масавых акцый. Мы арганізоўвалі хрысціянскія канцэрты і запрашалі моладзь прыняць удзел у іх. Заўсёды была мажлівасць пазнаёміцца, паразмаўляць, завязаць кантакты, каб далей запрашаць іх да нашай хрысціянскай супольнасці.

Ці ёсць у Вас суполка, група “хрысціянскага танца”? Калі не, ці былі думкі яе стварыць?

– У Львове была такая суполка. Магчыма стварыць такі гурт і ў Беларусі. Бо тых, хто цікавіцца такімі танцамі, сотні. Хацелася б запрасіць моладзь, якая ўжо ўмее танцаваць, а таксама і нехрысціянскую моладзь, з якой ёсць у нас агульны інтарэс і тэмы для размоў. Можна выкарыстаць у хрысціянскім асяроддзі свае таленты. Таму запрашаю моладзь з розных гарадоў да аб’яднання. Давайце разам арганізуем супольныя канцэрты на хвалу Божую.

– Вы займаецеся танцамі не толькі з парафіянамі?

– Мы арганізоўвалі спаборніцтвы па танцах сярод нехрысціянскай моладзі. Хацелася зацікавіць маладых, пазнаёміцца з імі і запрасіць іх да сябе. Разам мы паказвалі ім розныя нумары рэлігійнай тэматыкі, спявалі песні. Калі яны даведваліся, што гэта маладыя вернікі, то казалі: “вау”, “крута”. Змяняўся іх погляд і адносіны да нас. Раней яны думалі, што Касцёл – гэта толькі нейкія бабулі, якія ставяць свечкі і бясконца б’юць паклоны. Яны ўжо пабачылі, што і мы, хрысціяне, таксама бавім час цікава, актыўна і без граху. Тыды ў юнакоў і дзяўчат з’яўлялася жаданне прыйсці да Бога.

А якая рэакцыя ў маладых танцораў, калі яны даведваюцца, што Вы айцец-рэдэмптарыст?

– Улетку я пазнаёміўся на вуліцы з падлеткамі, якія танцавалі. Я падышоў да іх, пачаў гаварыць. Сказаў, што таксама цікаўлюся танцамі. Потым мы пасябравалі. Зараз таксама кантактуем, яны прыходзяць на моладзевыя спатканні, акцыі, фестывалі. Было бачна, што ім падабаецца. Потым яны даведаліся, што я святар. Успрынялі гэта з цікавасцю. Цяпер яны не баяцца ісці да мяне. Адзін з тых хлопцаў, які не ходзіць ні ў царкву, ні ў касцёл, сказаў, што калі б ён захацеў прыняць шлюб, то запрасіў бы мяне ў якасці святара павянчаць. Аднойчы ён сказаў мне: “Ты самы класны святар, якога я ведаю”. Кажу не для таго, каб пахваліцца, але радуюся, што яны не будуць асуджаць Касцёл паміж сяброў, што будуць думаць пазітыўна пра хрысціянскую супольнасць.

– Якія б Вы парады далі тым, хто хацеў бы навучыцца танцаваць?

– Трэба мець жаданне і волю. Шмат маіх знаёмых выказвала жаданне танцаваць, але іх спакушала лянота. Неабходна ставіць перад сабою канкрэтную мэту. Калі ты хочаш выкарыстаць гэта для Бога, трэба не баяцца перашкодаў і прыкласці шмат намаганняў для пэўнага выніку.

Падрыхтавала Ірына Грэйць