70-годдзе арцыбіскупа Кандрусевіча: “Дзякую Богу за лёс і людзей!”

kandrusiewicz3 студзеня 2016 года свой 70-гадовы юбілей адзначае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі – адзін з самых вядомых і аўтарытэтных беларускіх і ўсходнееўрапейскіх іерархаў. Адсвяткаваць гэту дату 2 студзеня 2016 г. у мінскай катэдры сабраліся вернікі, святары і кансэкраваныя асобы, каб прыняць удзел у св. Імшы падзякі. 

Сам юбіляр у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё сказаў, што круглая дата – яшчэ адна нагода пераасэнсаваць мінулае і паглядзець у будучыню. “Найпеш трэба падзякаваць Богу, што дазволіў дажыць да гэтай даты. Кожны юбілей – гэта асэнсаванне таго, што было. Я б сказаў, такі “самааўдыт”. Напэўна, многае б змяніў, каб прыйшлося нанова пачаць і святарскае, і біскупскае служэнне. На памылках мы вучымся і робім з іх высновы. Праца ў маім жыцці была рознай: у Літве Касцёл быў моцна развіты нават у савецкія часы, у Беларусі – знішчаны, у Расію паехаў – там нічога не было. Напэўна, удалося дасягнуць шмат, але, магчыма, калі б давялося стаць нанова – увёў бы шмат карэкцый”, — прызнаўся іерарх.

Вядома, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прайшоў вялікі і нярэдка складаны шлях. Будучы іерарх нарадзіўся ў першы пасляваенны год, у 1946 г. у невялікай вёсцы Адэльск каля Гродна. Сваю хрысціянскую тоеснасць захаваў у часы жорсткага пераследу рэлігіі, нават, калі яго, выдатнага вучня, публічна наказвалі за веру. Па ўспамінах маці, у самым дзяцінстве хлапчук хварэў, і яна даверыла яго Божай Маці. Гэта, магчыма, і быў першы, тады яшчэ несамастойны крок да Бога немаўля, а сёння арцыбіскупа. Падзей, радасных і з адбіткам суму, у жыцці было нямала, але ўсе яны толькі ўзмацнялі як чалавека і пацвяржалі правільнасць абранай дарогі, упэўнены іерарх.

“Па ўспамінах маці, я быў у шпіталі каля гродзенскага францішканскага касцёла, хварэў, а яна прынясла мяне і палажыла на алтар Божай Маці і сказала: “Што хочаш з ім рабі, хварэе, я ўжо нічога не магу зрабіць”. І здароўе паправілася, і скончыў школу, інстытут, семінарыю, трэба было працаваць святаром. І сёння хачу падзякаваць Богу за лёс, я не скарджуся на яго. Хачу падзякаваць родным і блізкім, людзям, якія сустракаліся на гэтым шляху: шляху выхавання чалавека, фармацыі святарскай, біскупскім шляху, у тым ліку св. Яну Паўлу ІІ, Бэнэдыкту XVI, Святому Айцу Францішку”, — сказаў іерарх.

Паваротным момантам жыцця арцыбіскуп Кандрусевіч лічыць сваё святарскае пасвячэнне, крок, аб якім да сённяшняга часу не шкадуе. Інжынер, аспірант, які працаваў на карысць людзей, раз і назаўсёды абраў для сябе працу ў імя Хрыста і бліжняга. І з 1989 г. пачаў служэнне на Радзіме, спрыяў адкрыццю Гродзенскай семінарыі, вяртанню каля сотні касцёлаў. Потым была Расія, а з верасня 2007 г. ён зноў узначаліў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. За гэты час структура Касцёла ўзмацнілася, будуюцца новыя святыні, беларускі епіскапат павялічыўся да васьмі біскупаў, створаны тэалагічныя навучальныя ўстановы.

А ў свой юбілей Мітрапаліт марыць аб новых этапах развіцця. “Мяне абралі старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, гэта значыць, я на гэты час стаў кіраўніком Каталіцкага Касцёла краіны, і гэта вельмі адказна, таму прашу маліцца, каб я гэта заданне выканаў. Кожны час нясе свае выклікі, на якія трэба адказваць. І сёння вельмі важная задача – стварэнне каталіцкай тэалагічнай акэдэміі. Яна зарэгістравана, але пакуль мы не маем пляцу пад будову. І трэба стварыць не толькі сцены акадэміі, але жывую ўстанову. Вядома, што ў беларускай сталіцы пры вялікай колькасці католікаў у краіне, пры вялікай канцэнтрацыі навуковага патэнцыялу, акадэмія проста неабходна. І я бачу гэта найпершым для сябе заданнем”, — паведаміў Мітрапаліт.

Арцыбіскуп Кандрусевіч – чалавек з вялікім жыццёвым вопытам, патрабавальны ў першую чаргу не да іншых, а да сябе. Любоў да бліжняга, адказнасць у працы і маральнасць – вось тое, што іерарх шануе ў людзях. Калі словы разыходзяцца з учынкамі, асабліва ў пытаннях веры – тая рыса, якая засмучае Мітрапаліта. “Чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму, тады ён захавае гэта падабества, калі будзе жыць паводле Божага закону. Ведаеце, калі чалавек лічыць сабе веруючым, а перажагнацца не ўмее, малітву “Ойча Наш” не ведае, такая “паказуха” – так не павінна быць. Езус Хрыстус кажа: “Ты павінен быць ці халодным, ці гарачым”. Ці ты веруючы, ці няверуючы, а не так, што чалавек стаіць у Касцёле, а потым выходзіць, робіць і кажа нешта супраць веры. Гэта не ўпрыгожвае чалавека”, — лічыць арцыбіскуп.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заўсёды мае, што сказаць у гаміліі, заўсёды знойдзе словы падтрымкі ці парады ў размове. Галоўныя словы – падзякі – у свой 70-гадовы юбілей іерарх кажа Богу. “Дзякую Табе, Божа, за дар жыцця, за лёс, можа і складаны, але дзякуй, бо хацеў і хачу служыць Богу. Прашу благаславіць і даць сіл, каб далей служыць Табе і людзям!”.

Цікава, што менавіта 2016 г. будзе адметны і іншым юбілеем: у маі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыць 35-годдзе святарскага пасвячэння, падзеі, з якой і пачалося яго плённае духоўнае і пастырскае падарожжа.

Ларыса Абрамчук

для друку для друку