7 фактаў пра святога Паўла VI

Сёння Святы Айцец абвясціў святым яшчэ аднаго свайго папярэдніка — Папу Паўла VI.

Джаванні Батыста Манціні нарадзіўся ў Канчэсіа ў паўночна італьянскай правінцыі Брэшыя 26 верасня 1897 года. У 23 гады атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, а ў 1923 годзе паступіў на дыпламатычную службу Апостальскай Сталіцы, працуючы ў Варшаўскай Нунцыятуры. Пасля працаваў у Дзяржаўным Сакратарыяце Апостальскай Сталіцы, а з 1954 года быў прызначаны арцыбіскупам Мілана. Праз 4 гады святы Ян ХХІІІ увёў яго ў Калегію кардыналаў, а ў 1963 годзе Джаванні Манціні абраны пераемнікам святога Пятра, прыняўшы імя Павел VI. Яго беатыфікацыя адбылася 19 кастрычніка 2014 года падчас Імшы з нагоды закрыцця ІІІ Надзвычайнай Усеагульнай Асамблеі Сінода пра сям’ю.

Свет захапляецца паводзінамі і стаўленнем да людзей Папы Францішка. Аднак, знаёмячыся з біяграфіямі яго папярэднікаў, можна зрабіць выснову: убогасць, дыялог, зварот да сучаснага чалавека — гэта хутчэй норма, чым нешта надзвычайнае сярод сучасных пераемнікаў св. Пятра.

1.Апошні каранаваны Папа

Карона, якую насілі Рымскія Папы, складалася з трох узроўняў. Яна была сімвалам каралеўскай годнасці і ўлады над трыма рэаліямі, у якіх знаходзіцца Касцёл: зямля, чысцец і неба. Гэта паказвалі тры дыядэмы, а вянчала тыяру крыж. Прыкладна ў XIII стагоддзі замацаваўся рытуал урачыстай каранацыі Пантыфікаў пасля абрання на пасад св. Пятра.

Павел VI імкнуўся выйсці да людзей і больш быць для іх пастырам, чым сімвалам або кіраўніком. Ён ад імя Касцёла сімвалічна адрокся ўсіх зямных ушанаванняў і багаццяў, абвясціў вяртанне да першапачатковай евангельскай беднасці.

2. Папа, які прадаў тыяру

Святы запрасіў аднаго з іерархаў да сябе, каб той яму прадставіў справаздачу на тэму беднасці і голаду ў свеце. Пасля пачутага, Папа так моцна расчуліўся, што пастанавіў прадаць папскую карону, а атрыманыя грошы перадаць на дабрачынныя мэты Апостальскай Сталіцы. Сімвалічным жэстам ён паставіў тыяру на алтар пасля экуменічнай Літургіі 13 лістапада 1964 года.

3. Папа дыялогу

У сваёй «праграмнай» энцыкліцы «Ecclesiam Suam» св. Павел VI вызначыў дзве галоўныя лініі пантыфікату: дыялог жыцця і збаўлення з сусветам і аднаўленне поўнага адзінства сярод хрысціян.

Касцёл толькі тады можа па-сапраўднаму даць Евангелле свету, калі ён сам глыбока перажывае таямніцу сваёй любові да Хрыста. На самай справе знакавымі для тых часоў сталі заявы Папы пра тое, што Касцёл павінен уступіць у дыялог з сусветам, у якім жыве, таму што ён мае што гэтаму свету сказаць.

4. Папа, які ўстанавіў Сінод Біскупаў

Менавіта Павел VI пастанавіў склікаць Сінод Біскупаў як дарадчы орган для абмеркавання важных пытанняў і ўдзелу ўсяго Касцёла ў прыняцці рашэнняў і фарміраванні пазіцыі па важных аспектах.

5. Папа, які зноў склікаў Сабор

Праз шэсць дзён пасля выбару Павел VI абвясціў аб аднаўленні работы II Ватыканскага сабора, які, згодна з кананічным правам, завяршыўся, калі памёр Папа Ян ХХІІІ. Для св. Паўла VI прыярытэтнымі падчас Сабору сталі наступныя аспекты: лепшае разуменне і рэформа Каталіцкага Касцёла, адзінства хрысціянаў і дыялог з сусветам.

6. Папа, які пачаў падарожнічаць

Тагачасныя газеты называлі Паўла VI Папам-падарожнікам і захапляліся тым, што ён наведаў ажно… шэсць краін. Менавіта ён стаў першым кіруючым Пантыфікам, які прыбыў з візітам у Афрыку. Акрамя таго Павел VI наведаў Святую Зямлю, Індыю, Калумбію, Філіпіны, выступіў у штаб-кватэры ААН і прыняў удзел у святкаванні 50-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў. Папа двойчы прасіў дазволу наведаць Польшчу, дзе быў Нунцыем, аднак атрымаў адмову ад камуністычнай улады.

Вядома, нас гэта не здзіўляе, бо св. Ян Павел II пабываў прыблізна ў 120 краінах. Аднак яшчэ 60 гадоў таму людзі ездзілі да Папы, а не наадварот.

7. Папа адзінства

Яго пантыфікат стаў пошукам поўных зносін перш за ўсё з Праваслаўнымі Цэрквамі. Яго братэрства з Патрыярхам Афінагорам стала адным з найбуйнейшых прыкладаў. Ён ініцыяваў стварэнне адмысловай камісіі, якая складалася з двух католікаў і двух праваслаўных, і яны ў 1971 годзе прадставілі Папу даклад, сцвярджаючы, што саслужэнне паміж Паўлам VI і Афінагорам магчыма.

Падчас пантыфікату святога адбылася гістарычная сустрэча з Канстанцінопальскім патрыярхам і ўзаемнае зняцце экскамунікі.

Паводле credo.pro
Пераклад catholicnews.by

для друку для друку