55-я гадавіна зруйнавання Вітаўтавай Фары: “у гэты касцёл хадзіла ўся мая сям’я”

faraУ ноч з 28 на 29 лістапада 1961 г., рашэннем тагачасных камуністычных уладаў была варварскім чынам знішчана Вітаўтава Фара, памяць пра князя Вітаўта, нямы сведак шматвяковай гісторыі Гродна.

Вітаўтава Фара, ці касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, які завецца паўсюдна касцёлам Маці Божай, была пабудавана па распараджэнні Вялікага князя Літоўскага Вітаўта ў 1392 г. Касцёл быў узведзены на рынкавай плошчы, якая сфарміравалася ўжо тады. Ён быў першай каталіцкай святыняй у Гродне і адной з першых на землях Вялікага княства Літоўскага, пасля прыняцця Літвой хрысціянства і заснавання ў 1387 г. Віленскага біскупства.

Узведзеная ў гістарычным цэнтры святыня, якая ўзвышалася над горадам, перажыла бурлівы перыяд ІІ Сусветнай вайны. Але пасля заканчэння вайны згасла надзея на аднаўленне ў ёй літургічнай службы. Яна стала мэтай для знішчэння з-за шалеючага атэізму савецкіх уладаў. Фара была зачынена, а ў 1949 г. у ёй былі размешчаны склады збожжа і тэкстылю. Але тады было яшчэ цяжка ўявіць, што старажытную Фару можа напаткаць нешта горшае…

Некаторыя жыхары Гродна да сённяшняга дня ўзнаўляюць у сваёй памяці славутую святыню. На жаль, становіцца ўсё менш такіх людзей, якія валодаюць інфармацыяй аб касцёле, што ў свой час быў візітоўкай горада.

Юрый Гапонік, адказны за душпастырства цвярозасці ў Гродзенскай дыяцэзіі, якому ў часы разбурэння святыні было 5 гадоў, кажа, што не надта шмат можа сёння асвяжыць у памяці пра тыя дні. „Не вельмі шмат успамінаў у мяне засталося з ранняга дзяцінства, але гэты “чорны” дзень я запомніў, хаця ў той час нічога не разумеў”, — адзначае Юрый Гапонік у размове з grodnensis.by.

“Мне было 5 з паловай гадоў, і жылі мы на вуліцы Дарвіна, на 3-м паверсе, вокны нашай кухні выходзілі на цэнтр горада. 28 лістапада вечарам мяне забрала з дзіцячага сада мама, і я памятаю, што мяне напалохаў яе выгляд. У яе былі заплаканыя вочы, яна не хацела размаўляць і спяшалася дадому. Дома мяне раней, чым звычайна, пакармілі і паклалі спаць. Калі я зазірнуў на кухню, то ўбачыў запаленую свечку, абраз і тату з мамай, якія, гледзячы ў акно на Фару Вітаўта, маліліся. Раніцай ніхто не хацеў размаўляць або штосьці тлумачыць, толькі мама сказала: “Няма больш нашай Фары”. Пазней я даведаўся, што ў гэты касцёл хадзіла ўся мая сям’я, а ў хоры спяваў мой дзядуля”, — дзеліцца ўспамінамі Юрый Гапонік.

„Памятаю, тата казаў, што пасля ўзрыву касцёла на старым мосце з’явіліся ахоўнікі (улады баяліся, што мясцовыя жыхары, людзі веруючыя, у якіх балела сэрца пасля зруйнавання святыні, узарвуць мост), якія круглыя суткі ахоўвалі мост. Я добра іх памятаю, любіў за імі назіраць”, — дадае ён.

Сёння на месцы, дзе калісьці стаяла цудоўная святыня, ёсць толькі памятны знак, адкрыты ў 2014 годзе, які нагадвае пра існаванне гэтай святыні… І ўсё яшчэ жывая памяць у сэрцах ужо нешматлікіх людзей.

для друку для друку