537 км за 16 дзён. Пілігрымка ў Будслаў выйдзе з Брэста

У гэтым годзе з Брэста зноў выйдзе пешае паломніцтва ў Будслаў. Юбілейную XXV пілігрымку Пінскай дыяцэзіі падоўжаць — са стартам з абласнога цэнтра. Удзельнікі пераадолеюць за 16 дзён — 537 кіламетраў! Такое ўжо практыкавалі ў 2015 годзе з нагоды 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі, паведамляе Katolik.life

Сёлета пілігрымка з Брэста, якая спыняецца ў Баранавічах, адначасова стане першай пешай пілігрымкай у баранавіцкі санктуарый Маці Божай Фацімскай — гэты статус святыні быў нададзены летась, паведаміў  арганізатар ксёндз Павел Рудзьман.

Выхад з Брэста запланаваны на 16 чэрвеня пасля святой Імшы ў 7.30 ад касцёла Маці Божай Каралевы (завулак Ламаносава, 7/1). З Баранавічаў — 23 чэрвеня таксама пасля святой Імшы ў 7.30 ад касцёла Маці Божай Фацімскай (пр. Савецкі, 16).

Пілігрымка пройдзе пад дэвізам «Mission Possible» (місія выканальная) і прапануе маладым людзям падумаць аб іх місіі ў жыцці.

— У кожнага ёсць сваё пакліканне, і мы будзем разважаць аб гэтым: як знайсці і ўвайсці ў сваё пакліканне, — тлумачыць кс. Павел.

Як і ў мінулым годзе ўдзельнікі атрымаюць «Даведнік пілігрыма», які будзе змяшчаць песеннік і брэвіарый для Літургіі гадзін. Пілігрымка будзе падзелена на групы для больш індывідуальнай працы. Запланаваны некалькі вечароў з канцэртамі праслаўлення. Арганізатары запрашаюць да ўдзелу аніматараў, якія хацелі б дапамагчы ў пілігрымцы.

На працягу 7 дзён шляху з Брэста ў Баранавічы удзельнікаў чакае малітва сузірання, lectio divina, медытацыя і індывідуальныя стасункі з Богам у цішыні. А ўжо ў дарозе з Баранавічаў пілігрымы будуць разважаць над Кнігай Суддзяў. На прыкладзе Суддзяў Ізраіля, калі ён перажываў крызіс, Бог паслаў да свайго народа Суддзяў. Разважаць маладыя людзі будуць пра тое, куды і навошта кожнага з іх пасылае Гасподзь.

— Ключавым момантам будзе Панна Марыя, якая не была Богам, а простым чалавекам. На яе прыкладзе мы ўбачым, што выканаць сваю місію рэальна, — працягвае кс. Павел.

Траса з Баранавічаў не мяняецца, а вось з Брэста маршрут будзе іншы: Брэст — Жабінка — Кобрын — Лука — Бяроза — Івацэвічы — Лясная — Баранавічы — Паланэчка — Ярэмічы — Дзераўное — Івянец — Ракаў — Радашковічы — Ілля — Даўгінава — Будслаў.

Як заўсёды арганізатары забяспечваюць 3-разовае гарачае харчаванне, начлег, агульныя медыкаменты. Кожны атрымае цішотку, бейдж, даведнік, пашпарт пілігрыма. Кошт удзелу: з Брэста — 50 рублёў, з Баранавічаў — 35 рублёў. Аднак арганізатары падкрэсліваюць, што калі вернік перажывае фінансавыя цяжкасці і не можа ўнесці неабходную суму, гэта — не перашкода для ўдзелу ў пілігрымцы.

Удзельнікам маладзейшым за 18 гадоў неабходна мець апекуна, ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў — дазвол ад бацькоў, да 14 гадоў — толькі з бацькамі. З Брэста да Будслава могуць ісці выключна паўналетнія.

Для тых, хто не зможа пайсці ў паломніцтва, па-ранейшаму актуальная «духоўная пілігрымка» (інтэнцыі можна накіроўваць на адрас: pavelocd@gmail.com), удзельнікі таксама будуць весці ў акаўнце @my_arly у Instagram штодзённыя трансляцыі канферэнцый, там жа будуць размяшчацца ўсе фота і відэа з дарогі. Будзе створаны і канал у Telegram «Брэст — Баранавічы — БудсLOVE».

У пілігрымку трэба ўзяць абавязковы стандартны набор: — галаўны ўбор — посуд для харчавання з палявой кухні (талерка, гуртка, лыжка) — спальнік, дыванок, палатка — рэчы на 9-16 дзён — персанальныя лекі — Ружанец, Біблія

Рэгістрацыя па тэлефоне:  +37529 709 00 93 (кс. Павел Рудзьман) ці праз інтэрнэт: анкета

для друку для друку