5 спосабаў заставацца разважным католікам

Большасць з нас ніколі не думала, што ў нас не будзе лёгкага доступу да сакрамантаў. Як нам захаваць сваю веру і адносіны з Хрыстом і Яго Касцёлам, калі ў многіх з нас няма магчымасці хадзіць у святыню? Калі нам здавалася, што мы перажываем жыццёвыя цяжкасці толькі дзякуючы Эўхарыстыі, то як быць цяпер? Спадзяюся, гэтыя прапановы будуць практычнымі і змогуць вам дапамагчы.

Стварыце месца ў доме, спецыяльна прызначанае для малітвы.

Для нас можа быць складаным маліцца ў сваіх дамах, калі ўсё адцягвае ўвагу, нават штодзённыя абавязкі. І хоць мы ведаем, што павінны захоўваць малітоўнае жыццё, у хатніх умовах гэта можа быць вельмі складана. Немагчыма вырвацца з офіса, калі офіс цяпер у некаторых знаходзіцца дома. Мы можам нават адчуць, што нашыя дамы сталі меншымі, таксама дадаецца стрэс і абавязкі, нават можна адчуць клаустрафобію. Вызначце ў сваім доме месца для малітвы. Паспрабуйце прыбраць адтуль усё, што адцягвае вашую ўвагу; аддзяліце гэтае месца ад вашага часовага «хатняга офіса» або «хатняй школы». Пастаўце крыж ці абраз. Стварыце куток, куды можна прыйсці памаліцца.

Вызначце адну ці дзве рэчы, якія вы можаце зрабіць добра.

Не бойцеся нешта дадаць у свае малітоўныя практыкі, асабліва, калі вы прывыклі часта ўдзельнічаць у Імшы. Калі вы хочаце ўзмацніць сваё малітоўнае жыццё, то ведайце, што цяпер яно будзе выглядаць інакш. Але не спрабуце змяніць адразу ўсё. Думаю, што ёсць такая тэндэнцыя: людзі пачынаюць дадаваць у сваё малітоўнае жыццё новыя практыкі, новыя набажэнствы, навэнны і г.д., несвядома спрабуючы запоўніць той вакуум, які ўзнік ад немагчымасці прыняцця Езуса ў святой Камуніі. Вы не зможаце ўсяго гэтага адолець ― ваша духоўнае жыццё будзе праходзіць інакш. Яно змушана праходзіць інакш.

Цяпер ёсць мноства хрысціянскіх медыя-рэсурсаў, якія прапануюць запоўніць наш вольны час добрым зместам і дапамагчы скарыстацца запаволеным тэмпам жыцця. Адны хочуць атрымаць новых чытачоў або кліентаў, а другія ― проста спрабуюць захаваць уласную разважлівасць, напаўняючы сваё жыццё зместам, які прыносіць ім радасць. Але не спрабуйце ўдзельнічаць адразу ва ўсім. Засяродзьцеся на адной-дзвюх рэчах. Калі вы маеце больш часу, то дадайце яшчэ штосьці. Але ў вас не будзе магчымасці слухаць усе размовы ў інтэрнэце, глядзець усе жывыя эфіры на Facebook, удзельнічаць ва ўсіх анлайн-рэкалекцыях. Таму вызначце для сябе штосьці. Проста не спрабуйце ахапіць усё і адразу.

Прытрымлівайцеся рэжыму.

Некаторыя з вас думаюць, што маюць занадта шмат часу, магчыма, з-за страты працы ці проста немагчымасці рабіць тое, што раней запаўняла ваш час. Таму ёсць спакуса запоўніць сваё жыццё праглядам інфармацыі ў інтэрнэце ці па тэлевізары. З іншага боку, наадварот, некаторыя з вас думаюць, што ў вас няма часу, бо вы цяпер з’яўляецеся «настаўнікамі», напрыклад, для сваіх дзяцей, або таму, што вашы абавязкі ў працы павялічыліся, вашыя дні запоўнены сустрэчамі ў Zoom і спробамі працягваць справу, як звычайна. Вашае духоўнае жыццё адыходзіць на другі план, таксама як і вашыя асноўныя фізічныя і эмацыйныя патрэбы.

Імкніцеся прытрымлівацца рэжыму. Калі ў вас была звычка маліцца раніцай перад працай, паспрабуйце не адмаўляцца ад гэтага. Не грэбуйце сваімі фізічнымі патрэбамі. Можа быць вельмі заманліва працаваць дома ў піжаме, не прымаць душ некалькі дзён, есці нездаровую ежу. Але ўсё гэта толькі пагоршыць агульнае недамаганне, якое і так ёсць у гэты час нявызначанасці. Практыкуйце самадысцыпліну, і вы ўбачыце, што гэтая звычка ўвойдзе ў ваша духоўнае жыццё.

Дзень святы святкаваць.

Адной з пагрозаў для святкавання дня Пана ― нядзелі ― паводле словаў Яна Паўла II, было «практыкаванне ўік-энду». Справа не ў тым, што «ўік-энд» не прыносіць карысці, але, як папярэджваў Папа: «Калі нядзеля губляе свой асноўны сэнс і становіцца толькі заканчэннем тыдня, можа так стацца, што гарызонт людзей зменшыцца настолькі, што яны перастануць бачыць “нябёсы” Нават урачыста апрануты, чалавек не будзе здольны “святкаваць”» (Dies Domini, 4). У гэты новы час сэнс нядзелі губляецца не толькі ў выходныя, але і ў любы іншы дзень тыдня. Дні змешваюцца адзін з адным. З-за дыспенсы ад нядзельнага абавязку ўдзелу ў св. Імшы існуе рэальная небяспека страціць сэнс святкавання дня Пана.

Нядзеля проста становіцца яшчэ адным днём у невыразным часе. Замест гэтага сканцэнтруйцеся і прыкладзіце ўсе намаганні, каб ушанаваць дзень Пана. Не працуйце ў гэты дзень. Прыгатуйце спецыяльную вячэру. Збярыцеся ўсёй сям’ёй на малітву. Дадайце ў свой малітоўны распарадак тое, што адрознівала б нядзелю ад іншых дзён.

Духоўная камунія.

Святы Тамаш Аквінскі вызначае духоўную камунію як «гарачае жаданне прыняць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і з любоўю з’яднацца з Ім». Прасіце Езуса прыйсці да вас. Выкажыце сваю тугу і жаданне, а потым пасядзіце моўчкі, вітаючы Яго ў сваім сэрцы. Ці будуць гэтыя малітвы духоўнай камуніі ўспрымацца інакш, чым камунія сакрамэнтальная? Безумоўна. Можа падацца, што гэта экстрэмальны акт веры — маліцца такой малітвай, прасіць нашага Пана і верыць, што Ён прыходзіць. У рэшце рэшт, прычына заключаецца ў тым, што сакрамэнты з’яўляюцца знешнімі знакамі — Хрыстус надзяляе ласкаю бачную матэрыю. Мы людзі, і нам патрэбныя канкрэтныя рэаліі, каб перадаць нябачныя таямніцы. Так, для нашых чалавечых сэрцаў і целаў духоўная камунія можа быць цяжкай. Але працягвайце маліцца і верыць, што духоўная камунія — гэта сапраўдная камунія.

Вось некалькі спосабаў заставацца сапраўднымі католікамі ў гэты нялёгкі час. Ні адзін з гэтых спосабаў не з’яўляецца нечым унікальным для карантыну. Гэта добрыя, якія можна пакінуць у нашым жыцці, калі мы зноў будзем мець магчымасць удзельнічаць у святой Імшы.

Бог не пакінуў нас. Ён блізка. Нават калі мы не можам прыняць Яго сакрамэнтальна, Ён з намі. У разгар гэтага складанага, няпэўнага і непрыемнага часу спыніцеся і спытайцеся, што Бог імкнецца цяпер нам сказаць. Як Ён можа прыйсці да нас? І як мы можам вызваліць месца для Яго ў нашым жыцці?

Джоан Уотсан, integratedcatholiclife.org
Пераклад з англійскай мовы і адаптацыя: Эльвіра Палінеўская

ave-maria.by

для друку для друку