5 практыкаванняў, каб навучыцца дзякаваць

Слова «дзякуй» у грэцкай мове складаецца з двух слоў: eu (вельмі добра) і charidzomai (рабіць камусьці прыемна) або charis (тое, што радуе). Удзячнасць узнікае з вопыту глыбокай радасці і задавальнення жыцця. Адсутнасць падзякі ў чалавечым жыцці з’яўляецца сведчаннем таго, што не хапае радасці або ўдзячнасці мы яшчэ не навучыліся. Але ці сапраўды можна навучыцца дзякаваць? Прапануем вам некалькі простых практыкаванняў для гэтага.

Практыкаванне 1. Прыгадай усіх людзей вакол сябе: сям’я, сябры, праца.

Успамінаючы кожнага чалавека, спытай сябе: ці не маеш да яго якіх-небудзь прэтэнзій, не прымушаеш да чагосьці?

Калі будзеш шчырым і знойдзеш прэтэнзіі, то задумайся зноў — якімі спосабамі ты ўплываеш на гэтага чалавека: абуджэнне пачуцця віны, дэманстрацыйны паказ сваёй пакуты і г.д.? Што робіш, калі іншы чалавек не выконвае тваіх чаканняў?

Пагавары з Богам аб выніках гэтага практыкавання. Прасі Яго, каб лячыў тваё сэрца ад ран і дапамагаў табе адкрывацца Яму і сваім блізкім.

Практыкаванне 2. Успомні ўсё сваё жыццё. Напішы пра тых людзей, падзеі, унутраны вопыт або іншыя справы, за якія адчуваеш удзячнасць Богу. Старайся быць спантанным у гэтых практыкаваннях.

Калі нарадзілася свядомасць неабходнасці дзякаваць Богу за ўсё, што цябе сустракае ў жыцці? Або дух падзякі рос разам з духоўным ростам?

Адчуваеш неабходнасць развіваць дух падзякі?

Што хочаш сказаць Богу аб сваёй паставе падзякі ў асобных перыядах жыцця? Што хочаш Яму сказаць пра свой актуальны стан у гэтай справе?

Практыкаванне 3. Складзі спіс людзей, падзей, унутранага досведу або іншых спраў, за якія ты яшчэ не дзякаваў Богу, або за якія табе было б цяжка цяпер падзякаваць, хоць адчуваеш, што яны былі важнымі ў тваім жыцці. Можа гэта былі нейкія выпрабаванні, перажыванні, якія табе яшчэ «баляць», але праз якія Бог адкрыў табе праўду пра цябе самога і Сваю любоў да цябе.

Успомні самыя цяжкія жыццёвыя сітуацыі. Успомні сітуацыі, найбольш карысныя для твайго духоўнага жыцця.

Выберы адну сітуацыю, якую лічыш важнай і самай цяжкай. Успомні ўсе пачуцці, звязаныя з ёй. Не бойся паўторнага болю. Ці ўсведамляеш плён гэтага вопыту? Адчуваеш неабходнасць падзякаваць Богу за гэты вопыт?

Практыкаванне 4. Успомні людзей, падзеі і вопыт апошняга тыдня — тое, за што ты дзякаваў Богу. Успомні спачатку вопыт, а потым хвіліны тваёй падзякі.

Шмат падзей ты ахапіў удзячнасцю? Якім быў твой досвед? Ці гэта звычайныя чалавечыя справы, ці нейкія надзвычайныя падзеі?

Ты задаволены сваімі малітвамі падзякі за апошні тыдзень? Што хочаш сказаць Богу? Адчуваеш неабходнасць росту духу падзякі?

Практыкаванне 5. Ад падзякі Богу перайдзі да падзякі людзям. Часта бываеш удзячны людзям? Гаворка не ідзе пра нормы паводзін, а пра пачуццё падзякі, якое выяўляецца таксама без слоў. Бог, якому ты дзякуеш, пакажа табе людзей, якім табе трэба дзякаваць, паколькі яны былі Яго прыладай для твайго дабра.

Успомні усё сваё жыццё і ўсіх людзей, якія сыгралі ў тваім жыцці важную ролю. Успомні таксама людзей, якія прыйшлі з твайго жыцця. Іх імёны напішы на асобным лістку.

Успамінаючы, молячыся, падумай, чым ім абавязаны? Ці дзякаваў ім? Успомні людзей, якія зрабілі табе шмат дабра, але якім ты не падзякаваў па розных прычынах, можа, і праз свой эгаізм. Успомні людзей, якім ты выяўляў сваю няўдзячнасць. Падзякуй ім цяпер і прасі Бога, каб Ён быў іх узнагародай.

Што хочаш цяпер сказаць Богу? Хочаш у Бога нешта папрасіць?

Пераклад catholicnews.by з «Дивен Світ»

для друку для друку