5 нядзеля Вялікага посту. 22.03.2015

Зерно+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята. Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Пане, мы хочам бачыць Езуса. Філіп пайшоў і сказаў пра гэта Андрэю. І пайшлі Андрэй з Філіпам, і расказалі Езусу.

А Езус сказаў ім у адказ: Настала гадзіна ўславіцца Сыну Чалавечаму. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця. Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой. Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў. Ойча, услаў імя сваё! І пачуўся з неба голас: Уславіў і ўслаўлю зноў.

Народ, які стаяў і чуў гэта, казаў: Гэта гром. Іншыя ж казалі: Анёл гаварыў з Ім. А Езус адказаў, кажучы: Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас. Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон. І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе.
Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меўся памерці.

Гэта слова Пана.

для друку для друку