5 незаменных слоў на штодзень

Ці задумваліся вы над тым, што сярод шматтысячнага запасу слоў ёсць такія, без якіх нельга абысціся штодня? І гэта не зусім назвы нейкіх звыклых прадметаў або дзеянняў. Не, гэта тыя словы, якія будуюць нас і нашы адносіны са светам. Мы прапануем Вам некалькі важных слоў, якія здольныя змяніць жыццё да лепшага.

ДЗЯКУЙ. Так, вядома, дзень, падчас якога вы ні разу не скажаце гэтае слова, не стане адразу страчаным, аднак як шмат можна атрымаць дзякуючы такой няхітрай камбінацыі гукаў. Калі мы дзякуем, то праяўляем сваю любоў, павагу, пашану да кагосьці. Наколькі ж больш дзейсна гэта працуе, калі дзякуем не толькі за добрыя справы, але і за тое адмоўнае — крыўду, гнеў. Паспрабуйце, напрыклад, падзякаваць у грамадскім транспарце камусьці, хто з усіх сіл штурхнуў вас, зрабіў нейкую заўвагу і г.д. Мабыць, вынікі эксперыменту будуць цікавыя. Наша «дзякуй» здольна будаваць масты над найбольш небяспечнымі прорвамі. Не забывайце пра гэта!

ПРАБАЧ. Усе мы ў той ці іншай ступені эгаісты. Аднак слова «прабач» — гэта своеасаблівы індыкатар любові да сябе, яно патрулюе нашу чалавечнасць. Як часта мы здольныя прызнаваць свае памылкі? А ад гэтага сапраўды вельмі залежыць нашае жыццё. Таму памыляцца чалавеку ўласціва, але не прызнаваць памылак і не выпраўляць іх — гэта не занадта добры шлях. Каб навучыцца часцей, калі гэта трэба, прасіць прабачэння, варта навучыцца дараваць сабе. Сёння я дарую сабе ўсе беззаконні і недахопы, вучуся ўспрымаць сябе такім, як ёсць, так і прызнаваць «агрэхі» мне становіцца лягчэй, прасцей становіцца перад іншымі сказаць: «прабач, сябар, тут я вінаваты».

ЛЮБЛЮ. І не толькі маму, тату, любімых, блізкіх, знаёмых. Кожную раніцу гэтае слова спачатку скажыце Богу падчас малітвы. «Я люблю цябе, Божа» — я прымаю ўсё гэта жыццё з яго часта абсурднымі падзеямі, таму што веру, што Ты ведаеш, як лепей. Я люблю сябе, бо я — Твой вобраз і Тваё падабенства. Калі менавіта так пачынаць свой дзень, то дзіўным чынам усё становіцца на свае месцы. Хіба для «люблю» ёсць нешта немагчымае?

МАГУ. Пра «магічную» сілу гэтага слова пішуць бэстсэлеры. Але на самой справе магія — у кожным слове. А яшчэ дакладней — не магія, а Божы дар для чалавека. Бо толькі чалавеку Госпад даў мову як своеасаблівы інструмент — Адаму было даручана называць звяроў, каб «панаваць» над імі. Магу — гэта слова для таго, каб зарабіў механізм сілы духу кожнага з нас. Дзякуючы гэтаму слову ажыццяўляліся самыя неверагодныя ўчынкі ў гісторыі. З таго моманту, калі я «магу» — Бог і свет пачынае верыць у мяне. Хіба не варта паўтараць гэта сабе кожны дзень?

ВЕРУ. Веру ў Божую магутнасць, веру ў сябе, веру ў чалавечнасць, веру ў праўду, веру ў дабро ў кожным на гэтай планеце. Ці варта паўтараць яшчэ раз, наколькі важнае гэта слова? «Дасць вам па веры вашай» — гэтымі словамі Езуса можна растлумачыць любы феномен. Калі я не веру ў тое, што Бог сапраўды існуе, то і не заўважаю ўпарта, як Ён дзейнічае. Аднак гэта зусім не азначае, што Ён не верыць у мяне. Ці гатовыя вы ўпусціць у сваё жыццё ашаламляльныя змены, паверыўшы ў іх?

Таццяна Трачук, «ДивенСвіт»

Пераклад catholicnews.by

для друку для друку