5 недахопаў Езуса

В’етнамскі кардынал Франсуа Ксавье Нгуен Ван Туан

В’етнамскі кардынал Франсуа Ксавье Нгуен Ван Туан і яго незвычайнае жыццё заслугоўваюць таго, каб даведацца пра яго больш, асабліва пра яго вялікую любоў да Эўхарыстыі. Зняволены камуністычным рэжымам на працягу 13 гадоў (9 з якіх ён правёў у адзіночнай камеры), кардынал служыў іншым нават у гэты час выпрабаванняў. Па словах дыякана Грэга Кандры, Туану дазволілі «адну раскошу»: ён мог пісаць лісты да сяброў на волі. Калі ён перапісваўся, то часта прасіў іх даслаць яму тое, што назваў «сваімі лекамі».

Сябры ведалі, што ён меў на ўвазе. Яны слалі яму бутэльку з-пад сіропу ад кашлю, напоўненую віном і маленькімі кавалачкамі хлеба. Добразычлівыя ахоўнікі ціха пранеслі яму трохі дрэва і дрот, з чаго Ван Туан зрабіў маленькі крыж, які хаваў у кавалку мыла.

Ён трымаў усё гэта ў скрынцы, якая стала яго асабістым алтаром. Штодня ў 15.00, у гадзіну смерці Хрыста, Ван Туан наліваў у свае далоні кроплі віна і змешваў яго з вадой, каб адправіць Імшу.

Самы вялікі цуд у гісторыі мог адбыцца зноў. Цесная камера стала прыгожай і асвячонай, як нейкі сабор, санктуарый для славы Божай. Ён рабіў гэта на працягу трынаццаці гадоў.

У сваёй прамове ў 2000 годзе Ван Туан сказаў, што ён сустрэў «жывога Езуса»; «Ён зачараваў мяне. Я пайшоў за Ім — я люблю недахопы Езуса». Гэтую прамову можна знайсці ў адной з яго кніг пад назвай «Сведкі надзеі».

Першы недахоп: Езус меў дрэнную памяць

Паміраючы на ​​крыжы, Езус пачуў голас аднаго разбойніка: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства» (Лк 23, 42). Калі б гэта быў я, то адказаў бы яму: «Не забуду цябе, але ты павінен загладзіць свае злачынствы і сысці ў чысцец гадоў на дваццаць».

Езус, наадварот, сказаў: «Сёння ж будзеш са Мною ў раі». Ён забыўся пра яго грахі… Ён не толькі прабачае: Ён прабачае ўсе.

Другі недахоп: Езус дрэнна ведаў матэматыку

Калі б Езус здаваў экзамен па матэматыцы, Ён бы праваліўся. У пастуха было 100 авечак, адна з іх заблудзілася. Пастух неадкладна пайшоў шукаць яе, пакінуўшы астатніх 99 авечак. Калі ён знайшоў страчаную, то паклаў яе на свае плечы (гл. Лк 15, 4-5). Для Езуса 1 авечка роўная 99, а можа нават больш…

Трэці недахоп: Езус не вельмі разбіраўся ў логіцы

Аднойчы ноччу жанчына, якая мела 10 драхмаў, страціла адну з іх і запаліла лямпу, каб знайсці яе. Калі яна яе знайшла, то запрасіла сваіх суседзяў і сказала ім: «Радуйцеся са мной, таму што я знайшла драхму, якую страціла» (Лк 15, 9). Але святкаванне з сяброўкамі, верагодна, варта было больш за адну драхму. Для нас гэта нелагічна! Але «анёлы Божыя радуюцца за аднаго грэшніка, які каецца».

Чацвёрты недахоп: Езус занадта рызыкуе

Асоба, адказная за рэкламу кампаніі, ці палітык перад выбарамі рыхтуюць дакладную праграму з многімі абяцаннямі. Езус абяцае непрыемнасці, цяжкі вопыт і пераслед тых, хто пойдзе за Ім. Ён папярэджвае іх, што «Сын Чалавечы не мае, дзе прыхіліць галаву» (Мц 8,20).
Ён пасылае апосталаў у галечы і без усялякага пэўнага плана. Так, каб яны цалкам даверыліся Провіду.

Пяты недахоп: Ён жахлівы фінансавы дырэктар!

Калі б Езус быў дырэктарам кампаніі, то яе справы, хутчэй за ўсё, ішлі б вельмі дрэнна, таму што Ён хацеў плаціць аднолькавую зарплату тым, хто пачаў працаваць у першай палове дня, і тым, хто пачаў у другой палове дня. І Ён зрабіў гэта наўмысна. «Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе… Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?»(Мц 20, 14-15).

Што з’яўляецца крыніцай недахопаў Езуса? Любоў. Таму што Ён Бог міласэрнасці і ўцелаўлёнай Любові. Божая любоў (пар. 1 Ян 4, 16) — любоў не рацыянальная, з разліку пры ўмове; гэта любоў, якая адорвае і служыць, разумее і даруе. Наколькі? Бясконца!

Недахопы Езуса — вучыў кардынал Туан, — гэта наш шлях да шчасця.

Па матэрыялах Aleteia

для друку для друку