Біблейскі заапарк: без ката…

Дзіўная справа, але ў біблейскіх тэкстах зусім не прысутнічае кот. Можна падумаць, што ў старажытным Ізраілі зусім не было грызуноў, ад якіх трэба было ахоўваць жыллё і засекі.

У суседнім Егіпце да катоў ставіліся з вялікай павагай. Урадлівыя землі дэльты Ніла прыносілі багаты ўраджай збожжавых, які прыцягваў безліч пацукоў і мышэй, якія прыходзілі ў збожжасховішчы з бліжэйшай пустыні. Каты былі, з аднаго боку, адважнымі ваярамі-абаронцамі запасаў. А з другога, аб’ектам пакланення і культу. З самых старажытных часоў целы памерлых катоў бальзамавалі і змяшчалі ў спецыяльныя саркафагі, падобна шляхетным вяльможам і фараонам. Вядома, краіна Зыходу, традыцыі якой неабходна было атрэсці нібы прах са сваіх ног, не магла служыць прыкладам для сыноў Ізраіля. Тым не менш, нейкім чынам запасы трэба было ахоўваць.

Габрэі, заваёўваючы Ханаан, сутыкаліся з традыцыямі мясцовых жыхароў. У гэтых месцах таксама даўно прыручылі катоў і актыўна выкарыстоўвалі іх у хатняй гаспадарцы. Жыхары Ханаана таксама ставіліся да сваіх хвастатых памочнікаў з вялікай павагай і любоўю. У гэтых месцах таксама знойдзеныя пахаванні катоў і выявы гэтых жывёл. Вядома, не такія шматлікія, як у Егіпце, але ўсё ж такі яны ёсць.

Аднак габрэі, падобна, з катамі не надта сябравалі. Кот лічыцца некашэрнай жывёлай, г.зн. нячыстай, непрыдатнай да ежы. Тым не менш, шкуру гэтай жывёлы цалкам можна было выкарыстоўваць для пашыву адзення. У старажытнай Палестыне вадзілася некалькі відаў дзікіх катоў.

Барханны (пяшчаны) кот (felis margarita) — гэта невялікая і вельмі хвастатая жывёла. Даўжыня цела не перавышае 90 см, з іх 40 адсоткаў прыпадае на хвост. Пыска ў гэтага ката злёгку пляскатая, што надае ёй хітры выраз. Пры гэтым у жывёлы вялікія, шырокія, але нізка размешчаныя вушы. Гэтыя вушы дазваляюць ўлоўліваць не толькі драбнюткі шоргат, але і служаць дадатковым ахалоджваннем у спякоту. Нізкае размяшчэнне засцерагае ад патраплення ў вушы пяску. Барханныя каты, як і вынікае з назвы, аддаюць перавагу гарачым і нават засушлівым раёнам. Яны любяць пустыні, месцы практычна пазбаўленыя расліннасці. Могуць доўга абыходзіцца без вады. Аддаюць перавагу начному часу сутак. Палююць на дробных звяркоў, птушак і нават змей. А самі нярэдка становяцца здабычай драпежных птушак і шакалаў.

Іншы від ката, якая прыжыўся на тэрыторыі Святой Зямлі, — гэта лясны кот (felis silvestris). Гэтых катоў яшчэ называюць еўрапейскімі. Гэта невялікія жывёлы. Памер іх цела не перавышае 80 см. У адрозненне ад сваіх бліжэйшых сваякоў, барханных катоў, вялікім хвастом яны пахваліцца не могуць. Гэтыя каты любяць палі і лясы. Палююць на зайцоў і на птушак, што гняздзяцца на зямлі. Яны палахлівыя і аддаюць перавагу адзінокаму ладу жыцця. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ад еўрапейскіх катоў некалі і пайшлі сучасныя хатнія каты.

Яшчэ адзін прадстаўнік палестынскай фауны — чаротавы кот (felis chaus) або хаус. Гэты даўганогі кот з кутасікамі на вушах любіць хавацца ў зарасніках чароту і ў калючым хмызняку. У адрозненне ад іншых катоў ён любіць ваду, з задавальненнем плёскаецца і ловіць рыбу не лапамі, а зубамі. Хаус не любіць адкрытыя прасторы, таму яго цяжка ўбачыць. Хоць летам ён можа адправіцца ў паход да бугрыстых пяскоў, парослых саксаулам.

Каракал (felis caracal), які жыве ў Святой Зямлі з самых старажытных часоў, надзвычай падобны на рысь. Ён аддае перавагу начному ладу жыцця. Валодае неверагоднай рэакцыяй. Напрыклад, можа выхапіць некалькі птушак са зграі, што ўзлятае. Палюе каракал і на зайцоў, мышэй і іншых грызуноў. Здабычу зацягвае на дрэва, каб абараніць яе ад іншых драпежнікаў.

Цяжка сказаць, ці палявалі габрэі ў біблейскія часы на дзікіх катоў. Многія даследчыкі сыходзяцца ў меркаванні аб тым, што ізраільцяне грэбавалі катамі менавіта з-за небяспекі адраджэння егіпецкіх культаў. Тым больш, што суседнія народы, асірыйцы і вавіланяне, актыўна палявалі на дзікіх катоў і не займаліся іх прыручэннем. Яны прывозілі хатніх катоў менавіта з Егіпта, разам з асаблівасцямі культавых адносін да гэтых жывёл.

Ганна Гольдзіна, рускатолик.рф
Пераклад на беларускую мову Змітра Лупача
Фота: Pinterest

для друку для друку