Mалітва за паляўнічых прайшла ў Вялікай Бераставіцы

3 лістапада, ва ўспамін св. Губерта, у парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы адбылася святая Імша ў інтэнцыі паляўнічых. Гэты святы з’яўляецца іх апекуном.

Імшу ўзначаліў пробашч парафіі а. Вальдэмар Слота CSsR. Святар заклікаў паляўнічых захоўваць вялікую пашану да прыроды і жывёлаў. Акрамя таго, ён распавёў пра асобу св. Губерта, які з’яўляецца таксама апекуном леснікоў.

Святы Губерт нарадзіўся ў 665 г. у Гасконі, быў нашчадкам каралеўскага роду Меравінгаў. Любоў да палявання атрымаў ад свайго бацькі, якому часта спадарожнічаў у гэтым занятку.

У маладосці Губерт найбольш часу праводзіў у лясах, дзе нястомна паляваў. Некаторыя крыніцы кажуць, што ён вёў распуснае жыццё. Так было да моманту, калі падчас палявання ў Ардэнскіх гарах у Вялікую пятніцу ён спаткаў белага аленя са ззяючым крыжам у вянцы. Пасля гэтага аб’яўлення Губерт навярнуўся, пачаў вывучаць тэалогію і ажыццяўляць місіянерскую дзейнасць.

З лаўца звяроў Губерт ператварыўся ў лаўца чалавечых душаў. Ён стаў манахам, а потым біскупам. Іканаграфія найчасцей прадстаўляе яго падчас палявання, калі перад ім з’яўляецца алень з крыжам пасярод рагоў.

кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку