Амаль сто пілігрымаў прыйшло з Ліды ў Тракелі

6 ліпеня вернікі з парафіі Унебаўзяцця НПМ (Ліда-Індустрыяльны) адправіліся ў чарговую пешую пілігрымку да Маці Божай Тракельскай – Каралевы ўсіх сем’яў.

Сёлета да Тракеляў крочыла амаль 90 парафіян, што вельмі прыемна. Гэты шлях да Марыі з намі раздзяліў пробашч парафіі, айцец Андрэй Агель SP.

Як і заўседы, кожны ішоў з некай сваёй інтэнцыяй. Вельмі радасна, што у гэтым годзе нашай пілігрымцы спрыяла добрае надвор’е, якое яшчэ больш дадавала моцы рухацца далей. Мы ішлі як адна сям’я, з усмешкмі на тварах, адкрытымі для Бога сэрцамі. Быў час падумаць аб тым, што нас больш за ўсё хвалявала.

У дарозе мы маліліся, спявалі, разважалі на тэму споведзі, успаміналі галоўныя ўмовы шчырай споведзі.

Варта падзякаваць айцу Андрэю за яго настрой, падбадзёрванне, пазітыў, якія дапамагалі нам зусім не звяртаць увагі на лёгкую стомленасць.

На сярэдзіне шляху нас прывітаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Ён выказаў такую ідэю, каб на кожным кіламетры у нас была новая інтэнцыя, і такім чынам атрымалася б, што да Марыі прыйдзе не 90, а значна больш людзей, якія заўседы з намі ў нашых думках і сэрцах.

Мы нават і не паспелі заўважыць, як падышлі да знака “Тракелі”, дзе нас прывітаў біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч.

І вось мы ужо ўваходзім у вёску, дзе нас сустракае шмат людзей, усе нам махаюць, вітаюць нас. Але самае галоўнае чакала нас там, у санктуарыі.

“Прывітанне, Мама! Мы прыйшлі да Цябе, такія, як мы ёсць: мокрыя, брудныя, стомленыя, але ўсёроўна шчаслівыя.” Так многа хацелася сказаць, шмат за што падзякаваць, папрасіць прабачэння, звярнуцца з просьбай аб чымсьці вельмі важным.

Крыху пазней адбылася канферэнцыя на тэму “Жыццё Марыі паводле Евангелля прыкладам нашага жыцця”, на якой мы разважалі аб тым, што такое жыць у Евангеллі.

Далей нас чакала адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, дзе была магчымасць у цішыні адкрыцца для прабачэння, пазбавіцца таго моцнага болю, які нам зрабілі блізкія людзі, і які перашкаджае пусціць у сэрцы Бога.

У хуткім часе апоўначы адбылася святая Імша з Марыйнай Працэсіяй напачатку.

Пасля Імшы мы ячшэ доўга маліліся, і ўжо а 4-ай гадзіне нас чакаў выступ семінарыйнага музычнага гурта “AVE” с песнямі праслаўлення.

Раніцаю, а 7.30, адбылася канцэлебраваная святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзэф Станеўскі, а святары нэапрэзбітэры напрыканцы блаславілі кожнага прыхаджаніна.

У сувязі з адзначэннем Года Моладзі ў Касцёле на Беларусі мы паслухалі сведчанні юнакоў і дзяўчат Гродзенскай дыяцэзіі, пасля чаго, як завяршэнне ўсёй урачыстасці, а 10-ай гадзіне адбылася адпустовая канцэлебраваная святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка.

Здаецца, 20 км – гэта не так многа, але кожны з нас знайшоў час і ахвяраваў яго для Бога, для нашай Нябеснай Маці. І не дарэмна. Мы вярнуліся адноўленыя целам і душой, поўныя сіл і натхнення на новыя здзяйсненні, поўныя любові да Бога і бліжняга.

Кацярына Латарэвіч, тэкст
Сергей Звонік, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі