- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

400-годдзе касцёла і кляштара адзначылі ў Гальшанах

[1]23  чэрвеня, напярэдадні ўрачыстасці Нараджэння святога Яна Хрысціцеля, у Гальшанах адзначылі 400-годдзе касцёла і кляштара айцоў францішканаў.

У касцёле святога Яна Хрысціцеля сабраліся шматлікія госці: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, святары, сёстры законныя, прадстаўнікі свецкай улады, парафіяне і вернікі з суседніх парафій. На пачатку прысутныя мелі магчымасць здзейсніць экскурс у мінулае касцёла, даведацца, як паўставала святыня і кляштар.

Унеслі ўклад у адраджэнне духоўнага жыцця

Сабраныя ўспомнілі фундатара касцёла і кляштара Паўла Стэфана Сапегу, стайніка Вялікага княства Літоўскага і ашмянскага старасту, а пазней літоўскага падканцлера.

[2]

Будучы ўладальнікам мясцовага замка, Сапега запрасіў у Гальшаны айцоў францішканаў, для патрэб якіх узвёў велічны касцёл і заснаваў кляштар.

Надзвычай карысная дзейнасць айцоў францішканаў у Гальшанах упісалася залатымі літарамі не толькі ў гісторыю Закону Братоў Меншых, але і ў гісторыю Каталіцкага Касцёла на гэтых землях.

І хоць пасля ліквідацыі кляштара царскімі ўладамі ў 1832 годзе францішкане мусілі надоўга пакінуць Гальшаны, у 1990 годзе духоўныя сыны святога Францішка вярнуліся да сваёй гістарычнай калыскі. Тады яны прынялі велізарны выклік аднаўлення знішчанай святыні і адраджэння рэлігійнага жыцця ў парафіі пасля шматгадовай адсутнасці святара.

Падчас Імшы, якую цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч, удзельнікі дзякавалі Пану Богу за айца пробашча і ўсіх святароў – яго папярэднікаў, якія з вялікай руплівасцю і самапрысвячэннем спаўнялі тут, у Гальшанах, душпастырскае служэнне, злучаючы здзяйсненне святых сакрамэнтаў і клопат пра духоўнае дабро парафіян са справай вяртання годнага выгляду гэтай цудоўнай святыні.

[3]

Дзякавалі таксама за дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, якія шмат гадоў рознымі спосабамі, але заўсёды з вялікай ахвярнасцю і сапраўдным клопатам, прыходзяць са шчодрай і бескарыслівай дапамогай парафіяльнай супольнасці ў справе рамонту і захавання касцёла і кляштарнага комплекса.

На пачатку літургіі іерарха прывітаў пробашч парафіі а. Багуслаў Вуйтовіч OFM Conv, пасля словы радасці ад сустрэчы выказалі парафіяне.

У гаміліі біскуп Аляксандр узгадаў постаць св. Яна Хрысціцеля, культ якога вельмі жывы на гэтых землях на працягу многіх гадоў і якога продкі сённяшніх гальшанскіх парафіян абралі сваім асаблівым апекуном.

Іерарх адзначыў, што навука св. Яна Хрысціцеля і Пана Езуса зразумелая і ясная таксама для сучасных людзей, аднак сёння, на жаль, вельмі часта людзі хацелі б замяніць Хрыста і самі кіраваць светам.

Паказваць іншым тое, што праўдзівае і непрамінальнае

“Сучасныя людзи хацелі б адмяніць Божыя запаведзі, а на іх месца паставіць прынцыпы агульнай свабоды і рабіць тое, што кожнаму падабаецца”, – адзначыў іерарх.

Біскуп звярнуў увагу, што Касцёл і Святы Айцец Францішак у сваім навучанні вельмі часта нагадваюць, каб Еўропа не адкідвала Хрыста, каб засталася вернай Пану Богу.

[4]

“Раўняць сцежкі Богу – гэта значыць жыць сапраўды паводле ўказанняў Хрыста, не змяняць Яго наказаў, не паддавацца сумненням, а развіваць цноты”, – дадаў іерарх. Біскуп падкрэсліў, што знакам праўдзівасці хрысціянскага жыцця павінны быць “розныя добрыя ўчынкі, якія мы здзяйсняем адзін для другога”.

“Спосаб жыцця Яна Хрысціцеля – гэта жыць святлом, якое адлюстроўваецца ад Кагосьці важнейшага, не засланяць Яго сабой, а паказваць іншым тое, што праўдзівае і непрамінальнае, – вось сапраўдная веліч гэтага найбольшага сярод народжаных з жанчын”, – сказаў біскуп Гродзенскі.

Іерарх заклікаў вернікаў, каб праз заступніцтва святога Яна Хрысціцеля, апекуна гэтай святыні і ўсёй парафіяльнай супольнасці, яны прасілі Пана нястомна памнажаць у іх дары сваёй ласкі, умацоўваць у веры і вернасці Яму і дадаваць адвагі ў хвіліны выпрабаванняў і цяжкасцяў.

“Няхай учыніць нас вернымі, адважнымі і сапраўднымі вызнаўцамі Хрыста і Яго Евангелля, каб мы, як святы Ян Хрысціцель, не толькі самі імкнуліся верна iсцi за Хрыстом, але і сваімі словамі, паводзінамі, сведчаннем жыцця дапамагалі іншым спаткаць Збаўцу і стаць Яго вучнямі”, – дадаў іерарх.

Пасля Імшы прысутныя маліліся літаніяй да святога Яна Хрысціцеля перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, затым прайшлі ў эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла і кляштара, каб ахінуць іх сваёй малітвай і клопатам. На заканчэнне працэсіі пры ўваходзе ў святыню заспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.

[5]

Айцец Багуслаў Вуйтовіч шчыра падзякаваў біскупу, святарам і ўсім гасцям за ўдзел ва ўрачыстасці, не забыўшы павіншаваць з імянінамі ўсіх, хто носіць імя Ян. Удзячныя парафіяне з радасцю выказалі словы падзякі біскупу Аляксандру, пробашчу і прысутным святарам.

Затым усе сабраліся перад уваходам у святыню, дзе іерарх асвяціў памятны крыж і юбілейную шыльду да 400-годдзя касцёла і кляштара.

На пляцоўцы ля святыні адбыўся святочны канцэрт, у якім прынялі ўдзел як таленавітыя парафіяне, так і запрошаныя хрысціянскія гурты. Пасля ўсіх прысутных чакаў гарачы абед.

Людміла Пясецкая, grodnensis.by [6]