400-годдзе асвячэння касцёла Адшукання Святога Крыжа адзначылі ў Гродне

13 чэрвеня ў Гродне адбыліся ўрачыстасці 400-годдзя асвячэння касцёла Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі). Гэта найстарэйшая святыня ў горадзе над Нёманам пасля знішчэння ў 1961 г. Вітаўтавай Фары.

Таксама ў гэты дзень пробашч парафіі кс. прэлат Антоні Ханько адзначаў 40-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння. Святочныя падзеі праходзілі ў адпустовую ўрачыстасць св. Антонія Падуанскага.

Касцёл быў асвечаны 13 мая 1618 г. біскупам Віленскім Яўстахіем Валовічам. З таго дня на працягу чатырох стагоддзяў святыня служыць Божаму народу горада Гродна, а Хрыстус, прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара, шчодра адорвае сваім благаслаўленнем і незлічонымі ласкамі ўсіх, хто прыходзіць сюды да Яго з верай.

На юбілейных урачыстасцях сабралося шмат шаноўных гасцей. Святую Імшу падзякі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Прысутнічалі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Ля алтара сабраліся між іншым святары, якія служылі ў гэтым касцёле як вікарыі. Прысутнічалі сёстры законныя розных супольнасцяў і шматлікія вернікі Гродна, якія прымалі ў гэтай святыні сакрамэнты, а таксама з’яўляюцца сёння яе парафіянамі.

Прыбылі кс. прэлат Антоні Гей з Брэста, кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі з Маладзечна і кс. Юзаф Занеўскі SDB з Масквы, якія 40 гадоў таму атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне. Разам з мясцовым пробашчам кс. Ханько яны дзякавалі за дар святарства.

Вітаючы ўсіх гасцей, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што гэты выключны дзень – “гімн падзякі, які сыходзіць з глыбіні нашых сэрцаў” за два прыгожыя юбілеі. Іерарх дадаў, што ў пабернардынскі касцёл ужо шмат гадоў нястомна прыцягвае шматлікіх вернікаў жывы культ св. Антонія Падуанскага, які на працягу стагоддзў ушаноўваецца тут, аб чым сведчыць шмат вотаў, што аздабляюць яго славуты ласкамі абраз.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узгадаў гісторыю пабернардынскага касцёла, які сёння пасля гродзенскай катэдры з’яўляецца візітоўкай горада. “Мінула чатыры стагоддзі ад пасвячэння гэтага касцёла! Як шмат здарылася за гэты час! Як шмат зменаў палітычных, эканамічных і грамадскіх сістэм бачыў гэты касцёл, які ўзвышаецца на Бернардынскім узгорку ў горадзе над Нёманам”, – сказаў іерарх.

Па словах арцыбіскупа, шмат пакаленняў гродзенцаў і гасцей сустракалася тут з Богам, шмат знайшло страчаную надзею. Іншыя ўкленчвалі на падлозе святыні, схіляючы галовы перад укрытым у Найсвяцейшым Сакрамэнце Езусам. Пра ўсё гэта, як дадаў Мітрапаліт, маглі б распавесці сцены касцёла і канфесіяналы – нямыя сведкі чалавечых навяртанняў і перажыванняў.

У савецкія часы пабернардынскі касцёл стаў прытулкам для супольнасці сясцёр назарэтанак, якая дзейнічала ва ўкрыцці. Пастаянная прысутнасць святара, спачылага кс. прэлата Міхала Арановіча, а таксама назарэтанак, зрабіла гэтую святыню духоўнай цвярдыняй у часы ваяўнічага атэізму.

Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што дзякуючы грамадска-палітычным зменам 90-х гадоў мінулага стагоддзя пабернардынская парафія распачала пісаць новую старонку сваёй славутай гісторыі, у якую арганічна ўпісваецца заснаванне побач з касцёлам Вышэйшай духоўнай семінарыі, якая першай пасля часоў атэізму пачала рыхтаваць маладых святароў у Беларусі.

Звяртаючыся да юбіляра, кс. прэлата Антонія Ханько, Мітрапаліт адзначыў, што ўсе свае здольнасці і харызмы, якімі адарыў яго Бог, ён мужна і ўмела выкарыстаў, служачы Касцёлу на Гродзеншчыне.

Дзякуючы кс. Ханько і іншым прысутным святарам, якія атрымалі пасвячэнне 40 гадоў таму, арцыбіскуп звярнуў увагу, што гэты юбілей сімвалічна адзначаецца ў касцёле Адшукання Святога Крыжа. “Ваша душпастырская праца – цяжкі крыж, які вы несяце ўжо 40 гадоў і паказваеце людзям, як знак збаўлення, знак, які злучае з Богам”, – дадаў іерарх. Мітрапаліт пажадаў, каб яны далей адважна ішлі праз жыццё, баронячы найперш хрысціянскія каштоўнасці, і вучылі людзей, што шлях без Бога вядзе ў сляпы завулак.

“Ідзіце і далей праз жыццё з крыжам Хрыста да людзей, якія чакаюць вечнага, жывога і актуальнага слова Евангелля, і няхай св. Антоні выпрошвае для вас патрэбныя ласкі, каб вы вялі людзей да Бога – адзінай крыніцы шчасця”, – сказаў арцыбіскуп.

Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй па святыні і спевам гімна “Цябе, Божа, праслаўляем” за дар прыгожых юбілеяў. Гэта было выразам удзячнасці вернікаў Пану Богу за дар святыні, якая з’яўляецца асаблівым месцам сустрэчы чалавека з Богам, і за дар святарства, якое было ўстаноўлена Хрыстом.

Біскуп Юзаф Станеўскі і вернікі парафіі выказалі словы ўдзячнасці юбілярам, жадаючы ім шчодрасці Божых дароў на далейшыя гады служэння Пану і людзям.

Кс. Юрый Марціновіч, тэкст;

Ангеліна Марцішэўская,фота

grodnensis.by

для друку для друку