4 асноўныя памылкі, якія здзяйсняюць… святары

radeckiДоктар тэалогіі, душпастыр, духоўны айцец Вроцлаўскай семінарыі (Польшча), а таксама аўтар мноства кніг ксёндз Аляксандр Радэцкі прадставіў чатыры галоўныя памылкі святароў, якія асабліва раздражняюць Божы народ.

  1. Прыхільнасць да ўлады

Улада ў Касцёле павінна выконвацца ў духу служэння, бескарыслівасці і гатоўнасці ахвяраваць сябе за авечак (гл. Ян 10, 11; 13, 14).

Спакуса, якой падвяргаліся яшчэ Апосталы (а Езус іх выразна крытыкаваў за такое мысленне), заключаецца ў імкненні панаваць над паствай (пар. Лк 22, 24-27; 1 П 5, 1-4). Імкненне духавенства панаваць над парафіянамі выклікае антаганізмы (рэд. непрымірымыя супярэчнасці, канфлікт) паміж імі. Пан Езус ясна вучыў: «Я не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць» (Мк 10, 45). У Вячэрніку, абмываючы ногі вучням, Хрыстос ясна паказаў, якой павінна быць іх роля (пар. Ян 13, 5). Ён іх вучыў, а не ўстанаўліваў новы абрад! Аднак нават Пётр тады не змог зразумець гэтага жэсту, і для нас сучасных гэтае заданне застаецца вельмі складаным (гл. Дэкрэт II Ватыканскага Сабору пра служэнне і жыццё прэзбітэраў Presbyterorum ordinis, 25)

  1. Заняткі палітыкай

Прэзбітэр, як нагадваў св. Ян Павел II у адной са сваіх катэхез, павінен адмовіцца ад актыўнага ўдзелу ў палітыцы — у прыватнасці тады, калі яна выказвае інтарэсы адной групы, што амаль непазбежна, — каб прэзбітэр мог заставацца «чалавекам усіх» у духу братэрства.

Гэтага патрабуе таксама і Кодэкс кананічнага права (кан. 287, § 2). Бо гаворка ідзе пра тое, каб кожны чалавек меў магчымасць падысці да святара, а не адчуваць сябе адкінутым з-за таго, што ён з «іншай партыі». Тым больш недапушчальна, калі нейкія партыйныя ідэі гучаць з амбонаў.

  1. Бесчалавечнасць

Напэўна, усе згадзяцца, што прычыны напружанняў паміж пастырамі і авечкамі, даручаных пад апеку, амаль на 100% залежыць ад «чалавечага» вымярэння, а не тэалогіі. Таму не заахвочваем вернікаў (а тым больш няверуючых!) набліжацца да нас — і, на жаль, таксама да Хрыста, — калі нам, пастырам, не хапае канкрэтных чалавечых рысаў. Згаданы ўжо Ян Павел II у дакуменце аб фармацыі святароў «Pastores dabo vobis» пералічыў гэтыя рысы менавіта для таго, каб гэта служэнне было ў людскім вымярэнні як мага дакладнае і лягчэйшае для прыняцця.

Успомнім гэтае навучанне, вядомае (або прапушчанае або забытае) з часоў вучобы з семінарыі:

«Святар павінен старацца адкрыць у сабе, па меры магчымасці, чалавечую дасканаласць, якая існуе ў Сыне Божым, які стаў чалавекам, і якая асабліва выразна выяўляецца ў Яго адносінах да іншых, як гэта паказваюць евангелісты. Таму абавязкова, каб, беручы прыклад з Езуса, пастыр умеў распазнаваць нутро чалавека, адказваць на цяжкасці і праблемы, аблягчаць сустрэчу і дыялог, атрымліваць давер і наладжваць супрацоўніцтва, спакойна і ўраўнаважана выказваць думкі. Каб выканаць гэта, неабходныя: любоў да праўды, рацыя і сумленнасць, павага да кожнага чалавека, пачуццё справядлівасці, вернасць дадзенаму слову, сапраўднае спачуванне, паслядоўныя паводзіны, ураўнаважаная ацэнка і ўчынкі. Асабліва важная здольнасць падтрымліваць сувязь з іншымі, рыса сапраўды фундаментальная ў таго, хто закліканы несці адказнасць за супольнасць і быць «чалавекам адзінства»», — падкрэсліваў Папа Вайтыла (гл. PDV 43).

Менавіта таму, настойваў гэты святы, святар не можа быць абуральным і ганарлівым, а павінен быць ветлівым, гасцінным, шчырым у словах і ў намерах, разважлівым і трымаць даверанае ў таямніцы, велікадушным і гатовым служыць, здольным падтрымліваць братэрскія і адкрытыя кантакты з іншымі і ўсталёўваць іх з усімі, заўсёды гатовым зразумець, дараваць і суцешыць. Гэта маленькае слова «заўсёды», верагодна, самае цяжкае для ўспрымання і выканання.

Ну вось нашы пункты для рахунку сумлення, які загадваюць адважна спытаць сябе, ці сваімі недахопамі ў чалавечай фармацыі мы не адпужваем людзей ад Хрыста і Яго Касцёла.

Падсумаванне: без чалавечай фармацыі служэнне прэзбітэра ў лепшым выпадку не прынясе нічога добрага, затое шмат (а ў горшым выпадку — усё) можа разбурыць.

  1. Адмова ад беднасці

Мы губляем сваю сапраўднасць і апостальскі эфект як святары ў вачах вернікаў (і няверуючых) таксама тады, калі супраціўляемся духу ўбоства. Касцёл у шматлікіх дакументах заклікае нас, духавенства, пазбавіцца мітусні, лішкаў і камфорту (адносна памяшканняў, транспартных сродкаў, спосабу правядзення адпачынку, розных выгод), беручы за ўзор убогага Хрыста, які прынізіў сябе самога (Флп 2, 7; 2 Кар 8, 9).

Найбольш трагічным і годным пакарання вымярэннем прагнасці святара становіцца матэрыялізаваны, нават камерцыйны падыход да рэлігійнага служэння.

Небяспека спажывальніцтва і нават вельмі непрыстойнага практычнага матэрыялізму ў нашых шэрагах — на самай справе рэальная; а спакуса, выкліканая прагнасцю, адклікаецца нам, святарам, гадамі. І да нас таксама Езус сказаў: «Неразумны, гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?» (Лк 12, 20). Так, коранем усялякага зла з’яўляецца жаданне грошай. Імкнучыся за грашыма, некаторыя заблукалі далёка ад веры і аддалі сябе шматлікім пакутам (пар. 1 Цім 6, 10).

Памятайце, што адкрыццё нашай слабасці, недахоп святасці — гэта вялікі шанец для навяртання, калі толькі нам хопіць пакоры і паслядоўнасці ў працы над сабой.

Пераклад з deon.pl

для друку для друку