31 мая — урачыстасць Божага Цела

sacrament_1731 мая 2018 года Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Божага Цела. Адметнае гэта свята тым, што ў гэты дзень католікі рыхтуюць урачыстыя працэсіі да чатырох алтароў. Працэсіі называюцца эўхарыстычнымі таму, што святар нясе Найсвяцейшы Сакрамант – Цела Хрыста. Слова “Эўхарыстыя” абазначае як саму святую Імшу, так і Цела і Кроў Хрыста. Узята яно з грэцкай мовы і абазначае падзяку. Як вядома, удзел у святой Імшы, падчас якой хлеб і віно пераўтвараюцца ў Цела і Кроў Езуса, — найлепшая магчымасць падзякаваць Богу за ўсе дары, атрыманыя ад Яго.

У суседняй каталіцкай Польшчы свята Божага Цела – вольны ад працы дзень. У Беларусі канфесійная сітуацыя іншая. Таму сама ўрачыстая працэсія пераносіцца на нядзелю. А свята святкуецца ў чацвер, 31 мая

Свята Божага Цела мае на мэце падкрэсліць любоў і пашану вернікаў да Эўхарыстыі. Што праўда, ёсць яшчэ адзін дзень у літургічным календары, калі католікі асаблівым чынам успамінаюць Апошнюю Вячэру і перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Гэта – Вялікі Чацвер. Аднак, перажываецца ён на працягу Вялікага Тыдня, што папярэднічае Вялікадню. Таму характар святкаванняў не вельмі радасны, бо спалучаны з успамінам Хрыстовага цярпення і смерці. Свята Божага Цела, у сваю чаргу, мае толькі і выключна радасны характар.

Свята гэтае было ўстаноўлена, дзякуючы візіям бл. Юльяны з Карнілён (Бельгія). Пад іх уплывам мясцовы біскуп у 1246г. устанавіў такое свята для сваёй дыяцэзіі. У 1252г. яно было пашырана на Германію. У 1263 г. у Бальсэне (Італія) адбыўся эўхарыстычны цуд. Адзін святар, адпраўляючы святую Імшу, засумняваўся ў рэальнай прысутнасці Езуса ў Эўхарыстыі. У ягоных руках з гостыі пачалі капаць кроплі Крыві. Карпарал, на які тады ўпалі гэтыя кроплі, па сённяшні дзень знаходзіцца ў катэдры ў Арвета (Італія). Цуд гэты меў значны ўплыў на абвяшчэнне Свята Божага Цела. У 1264г. папа Урбан IV булай Transiturus устанавіў гэтае свята для ўсяго Касцёла. Ён таксама ўказаў на прычыны, па якіх гэтае свята павінна адзначацца. Гэта — ўзнагарода Езусу за знявагу Яго ў Найсвяцейшым Сакраманце, за памылковыя перакананні ерэтыкоў, а таксама ўшанаванне памяці ўстанаўлення Найсвяцейшага Сакраманту, якую нельга ўрачыста святкаваць ў Вялікі Чацвер па прычыне смутку Вялікага Тыдня.

Аднак, була Transiturus не была абвешчана па прычыне смерці папы. І адпаведна – свята не было ўстаноўленае. Канчаткова зрабіў гэта толькі папа Ян ХХІІ. Свята Божага Цела было ўжо распаўсюджана ў 1306г. у Кёльне, у 1316 у Страсбургу. У Англію прыйшло яно з Бельгіі паміж 1320г. і 1325г. У Польшчы упершыню было праведзенае ў 1320г. Гэтае свята ведаюць і святкуюць католікі ўсходніх абрадаў. Напрыклад, копты, сірыйцы, армяне, мельхіты і інш.

для друку для друку