300 гадоў прысутнасці на шчучынскай зямлі адзначылі айцы піяры

13 кастрычніка Ордэн Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школаў (айцы піяры) адзначылі юбілей – 300-годдзе з дня прыбыцця членаў Ордэна ў Шчучын.

З гэтай нагоды ў мясцовым касцёле св. Тэрэзы Авільскай адбылася ўрачыстая святая Імша падзякі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч з удзелам бсікупа Віцебскага Алега Буткевіча, які прамовіў гамілію, і дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага.

На ўрачыстасці прысутнічалі таксама правінцыял Польскай правінцыі Ордэна піяраў а. Юзаф Матрас, святары Шчучынскага дэканату і святары-госці, сёстры законныя, прадстаўнікі мясцовай улады, шматлікія вернікі, якія прыбылі, каб дзякаваць за адданае і руплівае служэнне піяраў у Шчучыне.

Усіх прысутных у святыні прывітаў пробашч парафіі і настаяцель супольнасці піяраў у Шчучыне а. Вітольд Пяцельчыц SchP. Святар адзначыў, што для піяраў гэта асаблівы дзень, таму яны вельмі цешацца, што так шмат людзей жадаюць адсвяткаваць з імі гэтую дату.

У адрас піяраў было скіравана шмат добрых слоў. Прадстаўнікі мясцовых уладаў дзякавалі за вялікі ўклад у духоўнае і культурнае жыццё Шчучына, што дазваляе зберагаць традыцыі і арыентуе людзей на высокія каштоўнасці. Дзякавалі за імкненне дапамагаць ва ўсіх добрых справах.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч дзякаваў за адданае служэнне ў парафіі, праз якое яны вядуць вернікаў да збаўлення, а асабліва за апеку над дзецьмі і моладдзю, што з’яўляецца харызмай Ордэна.

Пасля Імшы на выхадзе з касцёла была благаслаўлёна памятная мемарыяльная дошка. Яна стане напамінам для вернікаў, а таксама для наступных пакаленняў, аб вялікім юбілеі, які давялося адсвяткаваць папярэднікам.

Затым госці былі запрошаны пробашчам парафіі ў раённы дом культуры, дзе прайшла навукова-гістарычная канферэнцыя “In nomine pietatis et litterae: адукацыйная і культурна-асветніцкая місіі Ордэна піяраў на Беларусі”. З дакладамі выступілі навукоўцы з нашай краіны і замежжа, якія цікавяцца Ордэнам піяраў.

Прысутныя мелі магчымасць глыбей пазнаёміцца з гісторыяй знакамітай супольнасці. Было адзначана, што піяраў у Шчучын у 1718 г. запрасіў Юрый Юзафовіч-Глябіцкі, звязаны сямейнымі вузамі са славутым родам Сцыпіёнаў. Піяры адразу адкрылі ў Шчучыне школу, якая называлася Collegium Jozefovicianum. Адным з найбольш вядомых выхаванцаў школы быў Ігнат Дамейка, які вучыўся там у 1813-1816 гг.

Таксама адзначалася, што піяры стараліся дастасоўваццца да зменаў, якія адбываліся ў асвеце, чым і адрозніваліся ад іншых манаскіх школ і значна перасягалі іх сваім ўзроўнем. У XVIII i пачатку XIX ст. піярскія школы на тэрыторыі сённяшняй Беларусі належалі да найлепшых. Як у групе выкладчыкаў, так i сярод выхаванцаў гэтых школ былі выбітныя асoбы, у тым ліку “з першых старонак польскай гісторыі”.

У праграме святкавання была і культурная частка, падчас якой прысутныя маглі атрымаць асалоду ад музычных нумароў, падрыхтаваных мясцовымі талентамі.

Tакім чынам, айцы піяры пачалі пісаць чарговую старонку сваёй гісторыі на нашых землях. За гэты час яны здзейснілі шмат: многія людзі атрымалі дзякуючы ім добрую адукацыю, многія знайшлі шлях да Бога. Асабліва ўдзячныя піярам моладзь і дзеці, якім Ордэн кожны дзень служыць праз сваю харызму, да якой быў пакліканы 400 гадоў таму.

Сёння ў Беларусі піяры працуюць у дзвюх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі – у Шчучыне і Лідзе, а таксама ў адной парафіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – у Чавусах.

Kс. Юрый Марціновічgrodnensis.by

Ангеліна Пакачайла, фота

для друку для друку