30-ы навучальны год распачаўся ў Гродзенскай семінарыі

30 верасня ўрачыстым актам інаўгурацыі навучальнага года Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне ўжо ў 30-ы раз прыняла маладых людзей, якія праз чалавечую, інтэлектуальную, духоўную і пастырскую фармацыю хочуць аддацца выключнаму служэнню Богу і Касцёлу, паведамляе grodnensis.by.

На інаўгурацыю прыбыло шмат гасцей. Прысутнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары, сёстры законныя, свецкія супрацоўнікі семінарыі, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка.

Удзельнікаў урачыстай падзеі прывітаў рэктар семінарыі кс. Віталій Вайцяхоўскі, які адзначыў, што існаванне і функцыянаванне гэтай навучальнай установы ў канкрэтным асяроддзі нельга пераацаніць.

“Факт таго, што кожны год маладыя людзі прымаюць рашэнне распачаць фармацыю ў гэтай духоўнай навучальнай установе, сведчыць пра тое, што наша грамадства не згубіла хрысціяскіх арыенціраў у жыцці”, — сказаў рэктар.

Па яго словах, семінарыя з’яўляецца своеасаблівым маяком у жыцці супольнасці, указваючы бяспечны шлях падчас навальніц і штормаў, паказваючы кірунак, у якім трэба рухацца, калі нічога не бачна навокал.

Святар заклікаў сабраных, а таксама ўсіх людзей добрай волі далучыцца да семінарыйнай сям’і і будаваць яе сваёй прысутнасцю праз спасціганне навукі, перадачу ведаў, ахвяру ці малітву.

Затым кс. Ян Раманоўскі, прэфект семінарыі, прадставіў справаздачу за мінулы навучальны год, у якой адзначыў, што гэты час быў вельмі багаты на разнастайныя падзеі, якія спрыялі атрыманню ведаў, і на душпастырскія практыкі, якія праходзілі семінарысты.

Традыцыйна адбылася інаўгурацыйная лекцыя, з якой сёлета выступіў перад сабранымі кс. Валерый Марціноўскі, выкладчык Святога Пісання ў семінарыі, які не так даўно абараніў доктарскую дысертацыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у сваім слове звярнуў увагу, што семінарыя павінна быць духоўнай прасторай, якая заахвочвае маладых людзей да поўнага распазнання свайго паклікання, умацавання ў ім і дасягнення адпаведнай сталасці.

„Каб семінарыя змагла выканаць такую важную і адказную задачу, неабходна супрацоўніцтва ўсіх, хто стварае семінарыйную супольнасць: рэктара, прэфектаў, выхаваўцаў і мадэратараў, выкладчыкаў і духоўных айцоў, а таксама семінарыстаў, якія свядома і добраахвотна супрацоўнічаюць з выхаваўцамі ў духу паслухмянасці, сумленнасці, даверу і адказнасці за ўласнае пакліканне”, – дадаў іерарх.

Звяртаючыся да семінарыстаў, ён падкрэсліў, што перад імі чарговы год узрастання ў пакліканні, здабыцця ведаў і ўдасканалення практычных уменняў, чарговы этап шляху да святарства ў школе Хрыста.

“Будзьце адкрытымі на ўсё, што служыць вашай усебаковай семінарыйнай фармацыі, і ідзіце верна за Хрыстом, які вас паклікаў да ўдзелу ў сваім святарстве”, – заахвоціў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

На пачатку навучальнага года біскуп выказаў словы глыбокай удзячнасці найперш колу выхаваўцаў і выкладчыкаў на чале з рэктарам.

Цырымонія інаўгурацыі навучальнага года завяршылася ўручэннем заліковак навучэнцам першага курса, якія толькі пачынаюць вучобу ў семінарыі. Затым адбылася святая Імша ў семінарыйнай капліцы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу, што “нашы слабасці і недасканаласці не могуць быць прычынай адыходу ад Езуса, які нас паклікаў да святарства і да выконвання сваіх непасрэдных абавязкаў”.

“Трэба заўсёды памятаць, што святарства – гэта не прафесія, а пакліканне, — нагадаў арцыбіскуп семінарыстам. – Трэба памятаць і пра тое, што семінарыя – гэта не ўніверсітэт, дзе дастаткова здаць экзамены і не парушаць дысцыпліны, каб атрымаць дыплом і стаць спецыялістам у той ці іншай галіне гаспадаркі.

Працэс падрыхтоўкі да святарства называецца не навучаннем, як ва ўніверсітэце, а фармацыяй, якая павінна быць усебаковай. А менавіта чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастырскай. Касцёл, які мае вельмі багаты і шматвяковы досвед святарскай фармацыі, стараецца падрыхтаваць святароў, якія, паводле слоў Святога Айца Бэнэдыкта XVI, найперш павінны быць спецыялістамі ў сустрэчы чалавека з Богам згодна з выклікамі часу”.

Гэтая сустрэча, дадаў іерарх, “адбываецца праз удзел у сакрамэнтах і іншую дзейнасць Касцёла, але найперш праз абвяшчэнне Божага слова, бо вера ад слухання, як вучыць св. апостал Павел”.

Арцыбіскуп заахвоціў семінарыстаў не шкадаваць часу на пазнанне Бібліі – адной з крыніц нашай веры разам з Традыцыяй, а таксама пажадаў, каб час фармацыі да святарства быў для іх адказам на пытанне: “Дзе наша сэрца?”, каб дзякуючы працэсу фармацыі яно было з Езусам.

Жадаем, каб Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне i ўсе, хто яе ўтварае, даверыліся Богу, каб ісці наперад і працягваць слаўныя традыцыі падрыхтоўкі новых працаўнікоў жніва Хрыстовага!

Юрый Марціновіч, grodnensis.by.
Павел Леановіч, фота

для друку для друку