25 спосабаў быць добрым хросным

Вы хросны тата або хросная маці? Віншую! Але ваш любімы хрэснік жыве далёка… Як жа быць для яго надзейным духоўным настаўнікам?

Бог Айцец жыве на нябёсах, а Яго любоў пастаянна акружае нас. У Ім мы ўсе здолеем нават нягледзячы на ​​вялікія адлегласці. Вашы адносіны з хрэснікамі надзвычай важныя, таму не дазваляйце адлегласці перашкаджаць вам у дапамозе бацькам праводзіць іх да Хрыста! Заўсёды ёсць спосаб падтрымаць хрэснікаў у пошуках Хрыста, нават калі вы не можаце быць побач з імі фізічна.

Вашай увазе 25 ідэй, як быць добрым хросным, нягледзячы на ​​адлегласці, якія вас падзяляюць.

  1. Напішыце хрэсніку, што моліцеся за яго.
  2. Адпраўце віншавальную паштоўку з нагоды святаў.
  3. Запрапануйце прыняць удзел у Імшы, нагадваючы расклад нядзельных набажэнстваў.
  4. Запаліце свечку за сваіх хрэснікаў і маліцеся за іх падчас Эўхарыстыі.
  5. Тэлефануйце на асабістыя святы, напрыклад, дзень нараджэння ці імяніны.
  6. Запрасіце хрэсніка ў пілігрымку ці адпустовую ўрачыстасць.
  7. Даведайцеся пра святых заступнікаў сваіх хрэснікаў і паклапаціцеся пра кнігі, якія распавядаюць пра адпаведных сятых, ці іх абразкі.
  8. Няхай вашы хрэснікі ведаюць, што вы заўсёды за іх моліцеся, асабліва ў нялёгкія для іх часы.
  9. Старайцеся запомніць некаторыя моманты з жыцця вашых хрэснікаў, напрыклад, імёны сяброў, любімыя заняткі, каб потым пацікавіцца, чым яны жывуць.
  10. Пацікаўцеся таксама іх рэлігійным жыццём. Напрыклад, якая іх любімая частка Літургіі; або яны калісьці думалі пра манаскае ці святарскае жыццё. Магчыма, менавіта пасля вашага пытання яны пра гэта ўпершыню задумаюцца.
  11. Падзяліцеся сваімі жыццёвымі гісторыямі. Ваша шчырасць дапаможа зблізіцца на больш глыбокім духоўным узроўні, а таксама дапаможа дзіцяці даверыцца вам.
  12. Навучыце сваіх хрэснікаў маліцца на ружанцы ці іншым малітвам пры дапамозе падарункаў, зносін у інтэрнэце ці тэлефонных званкоў.
  13. Даведайцеся, пра што любіць пагаварыць ваш хрэснік, нават калі гэта не датычыцца рэлігіі. Вы заўсёды можаце, абмяркоўваючы нават тэму футбола, знайсці там прыклады Божай любові.
  14. Дапамагайце сваім хрэснікам у прыняцці складаных рашэнняў. Нават калі скажаце, што моліцеся за іх, гэта будзе для іх падтрымкай.
  15. Раскажыце дзецям аб такіх арыгінальных святых як Майсей Мурын, Падрэ Піа, Маці Тэрэза і іншых, якія маглі б зацікавіць іх.
  16. Заплануйце паездку да сям’і хрэсніка і ідзіце з ім на марозіва ці шпацыр.
  17. Будзьце яму падтрымкай! Напрыклад, наведайце яго ва ўніверсітэце, у першай кватэры або на першым працоўным месцы. У той момант яны могуць запатрабаваць кагосьці блізкага побач.
  18. Любіць сваіх хросных дзяцей, як Хрыстос, — безумоўна. Нягледзячы на ​​ўсё, што можа адбыцца на іх шляху.
  19. Не губляйце сувязяў. Калі Дух Святы нагадвае пра тое, што ўжо больш за паўгода вы не тэлефанавалі да іх, зрабіце гэта неадкладна!
  20. Зарэгіструйцеся ў сацыяльнай сетцы, якой карыстаюцца вашы хрэснікі. Проста час ад часу стаўце «лайкі» пад іх статусамі і фотаздымкамі.
  21. Калі вы прыехалі ў госці да хрэсніка, запрасіце яго пайсці на св. Імшу.
  22. Пацікаўцеся, што хрэснікі ведаюць пра Хрыста і сваю веру.
  23. Імкніцеся заўсёды разам маліцца перад ежай, нават у публічных месцах.
  24. Спытайцеся, што больш за ўсё любіць хрэснік ў святкаванні Калядаў, Вялікадня, падчас посту, Адвэнту і г.д. Зрабіце нейкія крокі, каб энтузіязм дзіцяці не згас. Напрыклад, калі падабаецца пах кадзіла, падарыце свечку з такім водарам; калі падабаюцца нейкія асобныя радкі з Евангелля, падарыце іх яму на асобнай картцы ў рамцы.
  25. Маліцеся за сваіх хрэснікаў. Гэты пункт хоць і апошні, аднак самы важны. Нягледзячы на ​​тое, бачыцеся вы штодня ці толькі раз на год. Маліцеся, каб вашы хрэснікі мелі цесныя адносіны з Богам!

Пераклад catholicnews.by з сайта credo.pro

для друку для друку