25 сакавіка — свята Звеставання Пана

zwiastowanie1aУ Евангеллі ад Лукі распавядаецца, як Арханёл Габрыэль быў пасланы Богам абвясціць Марыі, Панне, заручанай з Іосіфам, што ёй трэба будзе зачаць ад Духа Святога і нарадзіць немаўля Езуса, які стане Месіяй і назавецца Сынам Божым. Збянтэжаная прывітаннем анёла Марыя затым запэўнілася ў праўдзівасці яго абяцання і выказала сваю веру словамі: «Хай будзе Мне паводле слова твайго».

Пачынаючы па меншай меры з 2 стагоддзя Звеставанне Панне Марыі разглядалася як першы ў хрысціянскай гісторыі акт адкуплення, у якім паслухмянасць Панны Марыі ўраўнаважвае непаслухмянасуць Евы (тлумачэнне Ірынея Ліёнскага). Днём свята было ўсталявана 25 сакавіка, за дзевяць месяцаў да Божага Нараджэння.

З 4 стагоддзя існуе і іншае тлумачэнне гэтай даты: адкупленне сапраўды павінна было пачацца з зачацця Хрыста ў дзень вясновага раўнадзенства, які па традыцыі лічылі днём стварэння свету, і ў месяц смерці і ўваскрасення Хрыстова (Вялікадня). У Сярэднія стагоддзі адлік дзён у годзе нярэдка вялі ад дня Звеставання (у Англіі гэты звычай захоўваўся да 1752).

Першыя малюнкі сцэны Звеставання адносяцца да 5 стагоддзя, і пасля Дабравешчанне становіцца ўпадабаным сюжэтам у хрысціянскім мастацтве і сталай тэмай візантыйскіх абразоў, сярэднявечнай скульптуры і рэнесанснага жывапісу.

Дабравешчанне выпадае альбо на дні Вялікага посту, альбо на тыдзень велікодных імпрэз (Вялікі Тыдзень). У залежнасці ад гэтага свята кожны раз мае адмысловую літургію. Калі Звеставанне прыходзіцца на пост, то пост дзеля яго саслабляецца.

Назва свята «Звеставанне Найсвяцейшай Багародзіцы», якое ўсталявалася ў сярэднія стагоддзі як на Усходзе, так і на Захадзе, параўнальна пазнейшая. Каталіцкая Царква пасля 2-га Ватыканскага сабору вярнула яму больш раннюю назву — Звеставанне Пана.

Свята Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі прыпамінае нам дзве вялікія праўды: таямніцу Уцелаўлення Божага слова і прывілей Мацярынства Найсвяцейшай Багародзіцы. Паводле народных паданняў, у гэты дзень нават птушкі гнёздаў не ўюць. Таксама ў гэтую ўрачыстасць ёсць добрая традыцыя бласлаўлення цяжарных жанчын і іх яшчэ ненароджаных дзетак.

для друку для друку