25-годдзе манаскіх шлюбаў адзначылі сёстры эўхарысткі ў Браславе

21 сакавіка ў галоўным доме Беларуска-Літоўскай дэлегатуры кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі сёстры Маргарыта Ларына і Таццяна Салодкая адзначылі 25-годдзе сваіх манаскіх шлюбаў.

Урачыстасць завяршыла штогадовыя рэкалекцыі для сясцёр, якія праводзіў а. Станіслаў Памыкала SJ. Сёстры эўхарысткі разам з гасцямі сабраліся ва ўтульнай браслаўскай капліцы на ўрачыстую святую Імшу, каб дзякаваць Богу за 25 год служэння сясцёр-юбілятак. Эўхарыстыю ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Падчас гаміліі айцец Станіслаў звярнуў увагу на сведчанне, якое даюць манахіні сваім жыццём. Не трэба шмат слоў, сваёй асобай яны звяртаюць увагу на Хрыста.

Пасля гаміліі сёстры Маргарыта і Таццяна аднавілі свае манаскія шлюбы, а таксама атрымалі ад біскупа Алега Буткевіча Крыж як знак таго, што для іх жыццё – гэта Хрыстос, а служэнне Сапраўднай Любові з’яўляецца іх першым і самым важным заданнем тут, на зямлі.

Аднаўленне манаскіх абяцанняў — хвалюючы момант для кожный сястры, якая перажывала такую ўрачыстасць. У гэты момант узгадваюцца першыя крокі ў манаскім жыцці, іх радасці і хваляванне. Уся Кангрэгацыя ў гэты дзень дзякавала Госпаду за дар паклікання сясцёр Маргарыты Ларынай і Таццяны Салодкай, прасіла вернасці для кожнай эўхарысткі, а таксама новых добрых пакліканняў да эўхарыстычнай законнай сям’і.

Пасля святой Імшы адбыліся цёплыя і шчырыя віншаванні юбілятак.

с. Таццяна Гмыза SJE, eucharystki

для друку для друку