25-гадовы юбілей часопіса “Дыялог” адзначылі ў Баранавічах

Падзея адбылася ў суботу 23 лютага.

Урачыстасць распачалася са святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка. На богаслужэнні прысутнічалі дапаможныя біскупы Мінскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, біскуп Элцкі Ежы Мазур SVD, які ў свой час стаяў у вытокаў часопіса, святары, вернікі.

Прысутнічалі і прадстаўнікі ўсіх каталіцкіх СМІ краіны: часопіса Ave Maria, выдавецтва Pro Christo з Мінска, газеты “Слова жыцця” з Гродзенскай дыяцэзіі,газеты Віцебскай дыяцэзіі “Каталіцкі веснік”, каталіцкага партала Catholic.by. Прамую трансляцыю са свята вяло “Радыё Марыя”. Таксама былі і журналісты з Польшчы, якія прадстаўлялі каталіцкі часопіс Martyria з Элку.

Гамілію прамовіў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка. У ёй ён узгадаў словы папы Пія Х: “На адзін часопіс болей — на адзін касцёл менш”, а кардынал Мэрціер у свой час гаварыў, што спыніў бы будаўніцтва яшчэ аднаго касцёла, каб заснаваць яшчэ адзін каталіцкі часопіс.

Пасля Імшы адбылася ўрачыстая юбілейная праграма. Першым свой даклад прачытаў прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз канонік Юрый Санько. Ён меў назву “Евангелізацыя праз сродкі масавай камунікацыі”.

Дакладчык звярнуў увагу на тое, што не гледзячы на вялікі тэхнічны прагрэс, з’яўленне Інтэрнэту і мабільных тэлефонаў, мы вельмі часта не разумеем адзін аднаго. Людзі часта адыходзяць ад Бога. Таму, па словах Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, нам неабходна новая евангелізацыя. І гэтай справай павінны займацца не толькі святары, але і ўсе вернікі. Таму новыя тэхнічныя сродкі павінны дапамагаць у гэтай справе.

Наступным выступоўцам быў біскуп Элкскі Ежы Мацур SVD. Ён падзяліўся сваімі ўспамінамі пра пачатак працы айцоў-вербістаў у Беларусі, пра тое, як узнікла ідэя выдаваць часопіс, як выбіралі для яго назву, з якімі цяжкасцямі даводзілася сутыкацца ў першыя гады працы.

Ад 1994 года пабачылі свет 274 нумары часопіса. Наклад першага нумара быў 200 экзэмпляраў, друкавалі яго на ксераксе. А наклад трэцяга нумара быў ужо 3,5 тысячы. Часопіс сталі друкаваць у Слонімскай друкарні, дзе ён друкуецца і зараз. Быў час, калі наклад выдання сягаў да 13,5 тысяч, зараз ён выходзіць накладам 4 тысячы.

Біскуп Антоні Дзям’янка распавёў пра гісторыю каталіцкага друку ў Беларусі. Ён адзначыў, што нашы продкі здаўна карысталіся друкаваным словам, на тэрыторыі сучаснай Беларусі было 14 друкарняў, дзе друкаваліся розныя рэлігійныя кнігі.

З віншаваннямі выступілі таксама прадстаўнікі каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі Беларусі, былі зачытаны віншаванні з нагоды юбілею часопіса ад біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, Баранавіцкага гарвыканкама, Слонімскай друкарні, дзе на працягу 25 гадоў друкуецца “Дыялог”.

У перапынках паміж выступамі гучала музыка, якую выканаў квартэт Баранавіцкага музычнага каледжа.

Напрыканцы ўсе жадаючыя маглі наведаць выставу “Дарогаю Бібліі”.

Больш здымкаў можна пабачыць тут
Відэарэпартаж чакайце на нашым сайце пазней

Зміцер Лупач

для друку для друку