25 гадоў сёстры Маці Тэрэзы служаць у Беларусі

4 жніўня 2018 года ў Гомелі дзякавалі Богу за 25 гадоў служэння сясцёр Маці Тэрэзы ў мясцовай парафіі і ў горадзе. Яны ўтрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным.

Сёстры запрасілі ўсіх жадаючых на ўрачыстую св. Імшу ў іх Доме Міласэрнасці, а затым зладзілі пачастунак. Дарэчы, у той жа дзень у Каталіцкім Касцёле адзначалі памяць св. Яна Марыі Віянэя, заступніка святароў і асабліва пробашчаў. Таму мясцовыя святары таксама не засталіся без віншаванняў і малітвы.

Святочную Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, гамілію прамовіў дэкан Гомельскага дэканата, кс. Тадэвуш Саморэк. Ён упэўнены, што сёстры прыехалі ў Беларусь, бо гэтага пажадаў Бог. У 1993 года першыя прадстаўніцы кангрэгацыі Місіянерак любові прыбылі ў Беларусь па благаславенні св. Яна Паўла II, і іх прысутнасць на Гомельшчыне кс. Тадэвуш лічыць Божым благаслаўленнем.

“Я часта прыязджаю ў гомельскі Дом міласэрнасці, і ні разу такога не здаралася, каб я першы ўсміхаўся сёстрам. Яны заўсёды мяне апярэджваюць ва ўсмешцы” — адзначыў святар. І дадаў, што сестры вучаць нас бачыць у кожным чалавеку Езуса Хрыста.

Пасля св. Імшы гомельскія парафіяне горача дзякавалі сестрам, а затым падарылі ім і святарам букеты кветак і цукеркі.

Нагадаем, адзіныя ў Беларусі прадстаўніцы ордэна Маці Тэрэзы служаць у Гомелі. Законніцы розных нацыянальнасцяў утрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным ўжо 25 гадоў і займаюцца многімі справамі міласэрнасці. Дом сясцёр служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абеды для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем’яў і адзінокіх старых, дапамагаюць дзецям з малазабяспечаных і праблемных сем’яў. Наогул, дапамагчы сёстрам у гэтай справе можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.

Беларуская рэдакцыя  Vatican News

для друку для друку