20 год таму ў Віцебскай дыяцэзіі адбылося першае прэзбітэрскае пасвячэнне

13 мая Каталіцкі касцёл успамінае аб’яўленні Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фаціме. У 1917 годзе ў гэтай невялікай вёсцы, якая знаходзіцца ў гарах Партугаліі, тром пастушкам – Францыску Марто, Жасінцы Марто і Луцыі Душ Сантуш – аб’явілася прыгожая Панна, “Якая ззяла ярчэй за сонца”. Багародзіца аб’яўлялася дзецям кожны трынаццаты дзень месяца да кастрычніка таго ж года і падчас кожнага аб’яўлення прадказвала гісторыю чалавецтва ў XX стагоддзі, у прыватнасці, пераслед Касцёла і яго адраджэнне.

Праз 83 гады пасля тых аб’яўленняў у гісторыі Віцебскай дыяцэзіі адбылося першае прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае тагачасным віцебскім ардынарыем біскупам Уладзіславам Блінам. 13 мая 2000 года ў касцёле Св. Барбары ў Віцебску святарамі сталі пяцёра дыяканаў — Марат Казлоўскі, Вячаслаў Барок, Ян Пугачоў, Валянцін Станкевіч і Алег Буткевіч, будучы ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. На святой Імшы з гэтай нагоды прысутнічаў і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі. У той жа дзень у Шуміліне адбылася і першая ўрачыстасць ў гонар Маці Божай Фацімскай. Многія з прысутных на ўрачыстасці ў Віцебску накіраваліся на шумілінскі стадыён, дзе адбылося святкаванне, куды фігуру Маці Божай Фацімскай прынеслі новапрэзбітэры.

З нагоды 20-й гадавіны святарства, рэдакцыя “Каталіцкага Весніка” і нашы чытачы, шчыра віншуем юбіляраў і жадаем моцнага здароўя, нястомнай радасці, Божых ласкаў на кожны дзень жыцця, шчодрых дароў Святога Духа. Няхай мудрасць, дабрыня і клопат пра людзей заўсёды будуць для вернікаў прыкладам жыцця, а любоў і супакой хай застаюцца назаўсёды ў Вашых сэрцах!

 

для друку для друку