17 снежня — трэцяя нядзеля Адвэнту, нядзеля радасці

ІІІ Нядзеля Адвэнту ў Касцёле называецца Нядзеляй „Gaudete”, ці Нядзеляй радасці. Часам яе называюць таксама “Ружовай нядзеляй”, бо гэта адзін з двух дзён у годзе, калі святар цэлебруе літургію ў адзенні ружовага колеру.

Назва гэтай нядзелі паходзіць ад словаў імшальнай антыфоны на ўваход: “Gaudete in Domino semper”, ці “Радуйцеся заўсёды ў Пану”. Тэксты літургіі гэтай нядзелі напоўнены радасцю з-за прадвешчанага прыйсця Хрыста і дару адкуплення, які Ён прыносіць.

У адвэнтавай літургіі колер літургічнага адзення фіялетавы. Гэты колер з’явіўся ў выніку змешвання сіняга і чырвонага, якія адпаведна выражаюць духоўнае і цялеснае; фіялетавы азначае барацьбу паміж духам і целам. Таксама злучэнне сіняга і чырвонага сімвалізуе здзейсненае праз Уцелаўленне Хрыста з’яднанне боскага з чалавечым. Выключэннем з’яўляецца менавіта ІІІ Нядзеля Адвэнту – так званая Нядзеля „Gaudete”. Тады ў літургічнага адзення ружовы колер, які выражае перавагу святла, а тым самым блізкасць Божага Нараджэння.

Традыцыя святкавання Нядзелі „Gaudete” паўстала ў часы, калі Адвэнт меў тыповы характар посту. Тады такім чынам акцэнтаваўся перапынак у посце, гэта быў адзіны радасны акцэнт Адвэнту. Сёння, калі Адвэнт ужо не з’яўляецца часам пакаяння, ружовы колер указвае на кульмінацыйны пункт гэтага перыяду, а тым самым становіцца знакам блізкай ужо радасці ад нараджэння Хрыста.

У літургіі III Нядзелі Адвэнту дамінуе акцэнт радасці, бо ўсё бліжэй той дзень, якога мы чакаем, дзень, калі прыйдзе Пан. Падрыхтоўка нашых сэрцаў і думак да канчатковага прыйсця Пана – прычына таго, што ўжо сёння мы павінны цешыцца, радавацца набліжэнню прыйсця Збаўцы, бо „Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць! Будзе вельмі радавацца табе, узрушаны ў любові сваёй, будзе цешыцца табою ў весялосці, як у святочны дзень” (Саф 3, 17).

Таму будзем жа ўсе радавацца, бо прыйсце Пана ўжо блізка!

grodnensis.by

для друку для друку