15 маладых сужэнстваў прынялі ўдзел у “маёўцы” сем’яў у Глыбокім

20 мая ў Глыбокім адбылося спатканне сем’яў, арганізатарам якога быў пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч. Акрамя глыбачан, якіх сабралася 12 сужэнстваў разам з дзецьмі, па запрашэнні святара далучыліся і сем’і з Мінска, Смаргоні і Гродна.

Распачалося спатканне канферэнцыяй на тэму “Бацькі і дзеці”, якую правёў кс. Мікалай. У гэты час з дзецьмі займаліся сёстры францішканкі Сям’і  Марыі, які працуюць у парафіі. Затым адбылася святая Імша, падчас якой бацькі разам з дзецьмі маліліся за сваю сям’ю, але таксама і за ўсе сем’і. Працягам спаткання стаў пікнік, дзе кожны ў супольнай дзейнасці бліжэй мог пазнаёміцца адно з адным, дзеці мелі магчымасць пагуляць на свежым паветры. Час праляцеў хутка, і не заўважылі, як надышоў час развітвацца.

Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі сустрэчы.

Наталля і Дзмітрый Вавінскія: «Як жа цудоўна, калі сем’і аб’ядноўваюцца на сумесную малітву і проста зносіны. Дзеці былі вельмі рады ўсяму, што адбывалася, весела і дружна праводзілі час. Будзем спадзявацца, што з Божай дапамогай, у нашых сустрэч будзе працяг».

Алёна і Дзмітрый Шаршунс: «Мы вельмі ўдзячны кс. Мікалаю за такую магчымасць прыблізіцца да Езуса Хрыста ўсёй сваёй сям’ёй праз святую Імшу, навуку і сумесны адпачынак з іншымі сем’ямі. Вельмі шмат эмоцый і ўражанняў, якімі хочацца дзяліцца з іншымі».

Дзякуем усім сем’ям, якія знайшлі магчымасць, каб разам спаткацца, паглыбіць свае веды і ўзрасці духоўна.

Вольга Бельчанкова, тэкст
Леанід Юрык і Дзмітрый Шаршунс, фота

для друку для друку