14 выхаванцаў духоўнай семінарыі ў Пінску – крызіс ці новыя магчымасці?

Мі54f5be3ea3d707845e48b51427471fd9_XLждыяцызіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага рыхтуецца адзначыць 90-годдзе. Установа была заснавана ў 1925 г. і як семінарыя Пінскай дыяцэзіі дзейнічала да 1939 г. Потым была зачынена з моманту прыходу на гэтыя землі савецкай улады. У ёй пачаліся, як выказаўся святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк, вялікія канікулы. У 2001 г. семінарыя адрадзілася праз шматлікія намаганні кардынала, які атрымаў тут у 1939 – апошні год дзейнасці духоўнай установы, сакрамэнт святарства.

З 2001 г. семінарыя падрыхтавала сорак святароў для трох дыяцэзій Беларусі – Пінскай, Віцебскай, Мінска-Магілёўскай, а таксама для Ордэну Кармелітаў Босых.

На дадзены момант семінарыя мае 14 выхаванцаў. Ці можна гаварыць пра крызіс, маючы на ўвазе зніжэнне колькасці кандыдатаў на святарства? Ці маюць падставы размовы пра магчымасць закрыцця семінарыі, улічваючы, што плануецца адкрыццё тэалагічнай акадэміі ў Мінску? З такімі пытаннямі мы звярнуліся да віцэ-рэктара духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Уладзіміра Русака.

“Невялікая колькасць выхаванцаў? Я б не сказаў, што гэта крызіс. Варта глядзець на гэта з перспектывы Божай, а не чалавечай. Гэты часовы момант зніжэння колькасці пакліканняў не азначае, што трэба апускаць рукі, ці занядбаць абавязкі, якія Касцёл даручыў у выхаванні новых пакаленняў святароў. Калі глядзець з перспектывы Паўсюднага Касцёла, то я ведаю семінарыі, дзе было нашмат менш семінарыстаў, чым у нас, і нягледзячы на гэта, семінарыя функцыянавала”, — адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё святар.

Ён звярнуў увагу на плюсы фармацыі ў “маланаселенай” установе: невялікая колькасць семінарыстаў заахвочвае да таго, каб больш індывідуальна падыходзіць да кожнага з іх. Ёсць магчымасць стварыць супольнасць больш блізкую, адказаць на канкрэтныя праблемы кожнага кандыдата да святарства, для кожнага мець час. Віцэ-рэктар раіць звяртаць увагу не на колькасць, а на якасць, якая з часам ператворыцца ў колькасць – якасную колькасць.

Семінарыя – гэта не востраў, і нават не паўвостраў ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі. Кандыдаты на святарства хоць і маюць пакліканне ад Бога, але не з’яўляюцца ў семінарыі з неба – прыходзяць сюды са звычайных сем’яў. І менавіта там закладаецца падмурак жыцця з Богам. Калі сям’я не будзе выхоўваць дзяцей у хрысціянскім духу – то намаганні духоўных асоб не будуць настолькі плённымі як бы хацелася.

Касцёл прымае захады для ўзрастання колькасці пакліканняў. Семінарыя ў Пінску штогод праводзіць рэкалекцыі для тых, хто ў сваім сэрцы адчувае пакліканне ці прагне яго распазнаць. На працягу года адбываюцца сустрэчы міністрантаў – тых, хто ў нашых касцёлах знаходзіцца бліжэй да алтара. Каб яны наблізіліся, пазналі ў нейкім сэнсе семінарыстаў, не баяліся гэтай школы Хрыста.

У межах святкавання 90-й гадавіны існавання Пінскай дыяцэзіі па волі біскупа Антонія Дзям’янкі было прапанавана ўвесці адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. “Пробашчы няхай паклапоцяцца, каб штодзённа, наколькі гэта магчыма, вернікі адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт на працягу паўгадзіны альбо адной гадзіны перад святой Імшой. Асаблівай інтэнцыяй да малітвы няхай будзе выпрошванне новых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця”, — падкрэсліў у сваім звароце на Адвэнт Біскуп Пінскі.

“Калі гаварыць пра тое, што магло б паўплываць на ўзрастанне колькасці пакліканняў, думаю, што не варта абмяжоўвацца толькі тымі захадамі альбо акцыямі, якія праводзяць семінарыя ці нейкія спецыяльныя групы, пакліканыя да развіцця, абуджэння пакліканняў у Касцёле. Тут таксама трэба звярнуць увагу на фундамент маладога жыцця! Неабходна звярнуць увагу на беларускую сям’ю, якая дае падставы для агульначалавечага і хрысціянскага выхавання кандыдата да святарства. Таму што, калі не закласці падмурак у чалавеку з дзяцінства, то цяжка яму будзе потым знайсці у жыцці Бога, — заўсёды існуюць спакусы, якія адцягваюць ад пазнання ісціны, заўсёды ёсць нейкія рэчы, якія прапануюць “альтэрнатыўныя”, у двукоссі, шляхі да выхаду з той ці іншай праблемы, альтэрнатыўныя метады рэалізацыі свайго жыцця. Другая вельмі значная рэч, якая можа паўплываць на абуджэнне развіццё паклікання ў жыцці маладога чалавека – гэта сведчанне тых святароў, з якімі ён сутыкаецца”, — акцэнтуе ўвагу віцэ-рэктар.

Хоць дзяржава і прызнае семінарыю вышэйшай навучальнай установай, тым не менш, яна не падтрымлівае яе матэрыяльна. Фінансаванне адбываецца дзякуючы ахвяраванням, што збіраюцца ў касцёлах Беларусі. Ад таго, наколькі вернікі змогуць дапамагчы семінарыі матэрыяльна, залежыць, ці будзе ўстанова якасна функцыянаваць, бо перашкоды матэрыяльнага плану таксама могуць паўплываць на працэс фарміравання новых пакаленняў святароў. Аднак, па словах кс. Уладзіміра Русака, вельмі важнай з’яўляецца таксама дапамога духоўнага плану – гэта штодзённыя малітвы вернікаў, ці тыя цярпенні, якія яны будуць ахвяраваць ў інтэнцыі новых пакліканняў і добрага фарміравання тых, хто ўжо даў адказ на заклік Бога.

Ватыканскае радыё

для друку для друку