13 звычайная нядзеля. 27.06.2015

12+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Калі Езус ізноў пераправіўся ў чаўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. І вось прыходзіць адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Яго, упаў да Ягоных  ног і моцна прасіў, кажучы: Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна выздаравела і жыла. І пайшоў з ім Езус. А вялікі натоўп ішоў за Ім, і ціснуліся да Яго.

А пэўная жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў, патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш, пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Ягонай вопраткі, бо казала сама сабе: Калі хаця б дакрануся да Яго вопраткі, выздаравею. І адразу ж спыніўся ў яе крывацёк, і адчула яна ў целе, што выздаравела ад хваробы. Езус жа, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: Хто дакрануўся да Маёй вопраткі? І вучні Ягоныя сказалі Яму: Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся «хто дакрануўся да Мяне?». Але Ён аглядаўся навокал, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта. Жанчына ж спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што сталася ёй. Яна падышла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. Ён жа сказаў ёй: Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь здаровая ад хваробы сваёй…

Гэта слова Пана.

для друку для друку