13 кастрычніка — 20 год Віцебскай дыяцэзіі

13 кастрычніка 2019 года Віцебская Рыма-каталіцкая дыяцэзія ў Беларусі адзначае 20-ю гадавіну свайго існавання.

Віцебская Рыма-каталіцкая дыяцэзія была ўтворана 13 кастрычніка 1999 года Святым Айцом Янам Паўлам II на моцы Апостальскай Канстытуцыі “Ad aptius conselendum”. У той жа дзень Святы Айцец Ян Павел II прызначыў першым біскупам Віцебскім ксяндза доктара Уладзіслава Бліна, про­башча архікатэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве і магілёўскага дэкана. Генеральным вікарыем дыяцэзіі быў прызнача­ны ксёндз прэлат Францішак Кісель, пробашч касцёла Святога Андрэя Баболі ў Полацку.

Біскуп Уладзіслаў Блін

З утварэннем Віцебскай дыяцэзіі парафіяльны касцёл Святой Барбары быў аднесены да рангу катэдральнага, 20 лістапада ў ім быў высвечаны першы Віцебскі ардынарый — ксёндз Уладзіслаў Блін. Дэвізам свайго біскупскага слу­жэння ён абраў словы “Soli Deo” — “Адзінаму Богу”.

Віцебская дыяцэзія была ўтворана з часткі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, яна мае статус суфраганіі ў Мінска-Магілёўскай Мітраполіі, а яе тэрыторыя цалкам ахоплівае абшар Віцебскай вобласці і складае 40,1 тыс. км2. На момант утварэння дыяцэзіі колькасць жыхароў вобласці складала 1,4 млн чалавек, а католікоў у ёй — прыкладна 140 тысяч чалавек.

Нябеснымі заступнікамі — апекунамі Віцебскай дыяцэзіі былі абраны: Езус Міласэрны; Найсвяцейшая Панна Марыя — Маці Касцёла; святая Барбара; свя­ты Язафат Кунцэвіч — біскуп і пакутнік.

На пачатку існавання дыяцэзіі тут было 53 парафіі ў 5 дэканатах, у якіх сваё служэнне неслі 33 святары і 33 законныя сёстры; у законных і дыяцэзіяльных семінарыях навучаўся 31 клерык.

13 мая 2000 г. у віцебскім катэдральным касцёле Святой Барбары адбыліся першыя ад часу ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі прэзбітарскія пасвячэнні, якія ўдзяліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі пяці дыяка­нам: Марату Казлоўскаму, Вячаславу Барку, Яну Пугачову, Валянціну Станкевічу і Алегу Буткевічу, будучаму другому ардынарыю Віцебскай дыяцэзіі.

З утварэннем дыяцэзіі трэба было вырашыць вялікую колькасць задач — як арганізацыйнага, так і душпастырскага характару. Большая частка з іх была вырашана да першага юбілею дыяцэзіі, што святкаваўся ў 2004 годзе. Гэта — утварэнне дыяцэзіяльных структур, утварэнне і арганізацыя Біскупскай курыі, Віцебскай Катэдральнай Капітулы, Біскупскага Суда Віцебскай дыяцэзіі, будова новых святыняў і шмат іншага. Але самай галоўнай задачай была пабудова жы­вых супольнасцей вернікаў у парафіях.

У 2001 годзе адбылася першая кананічная візітацыя ўсіх парафій дыяцэзіі, здзейсненая біскупам Уладзіславам Блінам, наступныя адбыліся ў 2006–2007 гг. і 2010–2011–2012 гг.

У 2004 годзе ў дыяцэзіі ўжо налічвалася 83 парафіі ў 9 дэканатах, у якіх сваё служэнне неслі 93 святары і 75 законныя сёстры; у законных і дыяцэзіяльных семінарыях навучалася 42 клерыкі.

На тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі маюцца тры санктуарыі: у Браславе, Шуміліне і Росіцы.

Ужо ў 1999 г. біскуп Уладзіслаў Блін прызначыў браслаўскі касцёл пад ты­тулам Нараджэння Маці Божай марыйным санктуарыем Маці Божай Валадаркі азёраў, у якім знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай. 22 жніўня 2009 г. ад­былася каранацыя абраза. Узначаліў святую Імшу і каранаваў абраз ад імя Свя­тога Айца кардынал Ёахім Майснер, Мітрапаліт Кёльнскі (Германія).

З браслаўскай парафіі паходзіць другі віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч, які атрымаў біскупскае пасвячэнне 18 студзеня 2014 г. У свой час у браслаўскім касцёле Алегу Буткевічу быў удзелены сакрамэнт хросту, тут ён прыняў Першую святую Камунію. У маі 2000 г. новапрэзбітар Алег Буткевіч служыў тут прыміцыйную Імшу. 2 лютага 2014 г., у свята Ахвяравання Пана, біскуп Буткевіч цэлебраваў у родным браслаўскім касцёле першую Імшу ў якасці біскупа.

Другі санктуарый Віцебскай дыяцэзіі, Маці Божай Фацімскай у Шуміліне, быў утвораны па жаданні віцебскага ардынарыя Уладзіслава Бліна ў 2000 годзе. Асноўныя ўрачыстасці тут адбываюцца 13 мая і 13 кастрычніка — ва ўспамін першых і апошніх фацімскіх аб’яўленняў. Першая ўрачыстасць у гонар Маці Бо­жай Фацімскай адбылася ў Шуміліне 13 мая 2000 г.

Асаблівым месцам для Віцебскай дыяцэзіі з’яўляецца невялікая памежная вё­ска Росіца — месца пакутніцкай гібелі бласлаўлёных росіцкіх пакутнікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Два разы на год на ўспамін росіцкіх пакутнікаў, у лютым і жніўні, сюды прыязджае вялікая колькасць пілігрымаў.

У Росіцу на малітву часта прыязджае віцебскі ардынарый, біскуп Алег Буткевіч, дзе праз заступніцтва бласлаўлёных росіцкіх пакутнікаў просіць апекі для Віцебскай дыяцэзіі.

2–3 жніўня 2019 г., падчас урачыстасцей, прысвечаных 20-й гадавіне беатыфікацыі пакутнікаў Юрыя і Антонія, святыня ў Росіцы была абвешчана Дыяцэзіяльным Санктуарыем Росіцкіх пакутнікаў.

На тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі знаходзіцца “беларускі Непакалянаў” — у в. Удзела Глыбоцкага раёна, дзе з 2002 г. існуе кляштар у гонар Беззаганнай, у якім захоўваюцца рэліквіі святога Максіміліяна Кольбэ.

10 кастрычніка 2009 г. у межах святкавання 10-годдзя існавання Віцебскай дыяцэзіі, у Віцебску адбылося асвячэнне новазбудаванага касцёла Езуса Міласэрнага. Літургію ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч.

18 чэрвеня 2011 г., па просьбе віцебскага ардынарыя і рашэннем Папы Бэ­нэдыкта XVI, касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску атрымаў тытул катэдраль­нага касцёла Віцебскай дыяцэзіі. Да гэтага дня была прымеркавана працэсія Божага Цела. Перад Імшой Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зачытаў ліст Кангрэгацыі па справах Біскупаў аб абвяшчэнні кас­цёла Езуса Міласэрнага катэдрай Віцебскай дыяцэзіі. Урачыстую літургію ў но­вай катэдры ўзначаліў прадстаўнік Папы Бэнэдыкта XVI кардынал Робэрт Сара, старшыня Папскай рады “Cor Unum”.

У 2013 годзе адбыліся змены ў кіраўніцтве дыяцэзіі. 25 лютага 2013 года Папа Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне біскупа Уладзіслава Бліна аб адстаўцы з выканання паслугі пастырскага кіравання Віцебскай дыяцэзіяй у Беларусі, згодна з кан. 401 § 2 Кодэкса Кананічнага Права.

У часе вакату кіраванне дыяцэзіяй выконваў яе Генеральны вікарый ксёндз прэлат Францішак Кісель.

Біскуп Алег Буткевіч

29 лістапада Святы Айцец Францішак прызначыў ксяндза Алега Буткевіча біскупам Віцебскім. 18 студзеня 2014 г. у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага адбылося біскупскае пасвячэнне новага віцебскага ардынарыя, які дэвізам свайго біскупскага служэння абраў словы з малітвы Панскай: “Fiat voluntas Tua” — “Будзь воля твая”.

З першых дзён сваёй біскупскай паслугі віцебскі ардынарый распачаў актыўнае знаёмства з парафіямі ў дыяцэзіі, яе пастырамі і вернікамі. З 2016 г., на працягу трох гадоў, у дыяцэзіі адбываліся кананічныя візітацыі ў парафіях. Візітацыі біскуп Віцебскі распачаў з усходняй часткі дыяцэзіі, там, дзе парафіяльныя структуры былі адроджаны ці створаны параўнальна нядаўна.

На сённяшні момант у Віцебскай дыяцэзіі налічваецца 94 парафіі ў 11 дэкана­тах, у якіх нясуць служэнне 87 дыяцэзіяльных і законных святароў і 2 дыяканы, а таксама 45 законных сясцёр і 3 законныя браты; у дыяцэзіяльных семінарыях навучаюцца 4 клерыкі. Колькасць вернікаў — прыкладна 170 тысяч чалавек.

Штогод у дыяцэзіі адбываюцца шматлікія пілігрымкі да агульнанацыяналь­нага санктуарыя ў Будславе, а таксама пілігрымкі да дыяцэзіяльнага санктуа­рыя Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе (жнівень), да санктуарыя Маці Бо­жай Фацімскай у Шуміліне (13 мая і 13 кастрычніка), у Росіцу (люты і жнівень).

Кожны год ва ўрочышчы Барок каля г. Глыбокае вернікі і святары збіраюцца на супольнай малітве, на ўспамін ахвяры бласлаўлёных святароў, расстраляных у гэтым месцы 4 сакавіка 1942 года. Гэта бласлаўлёныя Мечыслаў Багаткевіч, Станіслаў Пыртак і Уладзіслаў Мацьковяк.

Штогод у дыяцэзіі здзяйсняюцца шматлікія праекты і мерапрыемствы як душпастырскага, так і культурнага і евангелізацыйнага характару, многія з якіх ладзяцца на працягу доўгага часу.

З 2000 г. у дыяцэзіі ў часе Адвэнту і святаў Божага Нараджэння правод­зяцца Дні хрысціянскай культуры, у рамах якіх з 2003 г. для дзяцей і моладзі ладзіцца дыяцэзіяльны конкурс калядных спеваў “Бэтлеемская зорка”, а такса­ма дыяцэзіяльны конкурс батлеек.

З 2005 па 2015 гг. пры падтрымцы мясцовых улад на тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі праводзіўся Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”.

З 2005 г. Віцебская дыяцэзія супольна з кіраўніцтвам аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і аддзелам па справах рэлігій і нацыянальнасцей Віцебскага аблвыканкама праводзіць Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Праблемы ме­дыцынскай этыкі ў сучасным свеце”.

У 2015 г. стартавала Парафіяда дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі, якая праводзіцца штогод.

З 2016 г. падчас Тыдня Малітваў аб адзінстве хрысціян у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага адбываецца экуменічнае набажэнства ў інтэнцыі адзінства хрысціян з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій і дэнамінацый.

У 2019 г. упершыню ў дыяцэзіі прайшоў дыяцэзіяльны конкурс для дзяцей і моладзі па веданні Святога Пісання — 27 красавіка адбыўся яго фінальны этап.

Віцебская дыяцэзія мае свой уласны сайт — catholicvitebsk.by.

Мае дыяцэзія і друкаванае выданне — газету “Каталіцкі Веснік”, якая выдаец­ца з 2011 года. Яе першы нумар быў падпісаны ў друк 14 красавіка, напярэдадні вялікодных святаў. У снежні 2012 года быў створаны сайт газеты — catholicnews.by.

Уся тая вялікая праца па адраджэнні рэлігійнага жыцця ў Віцебскай дыяцэзіі, якая адбывалася на працягу 20 гадоў, сёння дала свой вялікі плён. Ажывілася сакрамэнтальнае жыццё вернікаў. У парафіях адбываюцца набажэнствы да Маці Божай (маёвыя), да Найсвяцейшага Сэрца Езуса (чэрвеньскія), ружанцо­вая малітва ў кастрычніку, набажэнствы ў Першы чацвер месяца, набажэнствы Першых пятніц месяца, набажэнствы Першых субот месяца, набажэнствы за памерлых у актаву ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў, набажэнствы да Божай Міласэрнасці, Рараты, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, падчас Вялікага Посту — Крыжовы шлях і Песні жальбы, Адарацыя Най­свяцейшага Сакрамэнту, эўхарыстычныя працэсіі ў першыя нядзелі месяца. Чы­таюцца навэнны да св. Яна Паўла ІІ, да Духа Святога, перад Божым Нараджэн­нем.

У парафіях актыўна развіваюцца рухі і касцельныя арганізацыі (Міністранты, Жывы Ружанец, Легіён Марыі, Францішканскі Ордэн Свецкіх, Рыцарства Безза­ганнай, Супольнасць Божай Міласэрнасці, Апостальства дапамогі душам чысцо­вым, “Маргарытка”, скаўты). Шмат вернікаў прымае ўдзел у групах, прысвеча­ных сям’і і захаванню сямейных каштоўнасцей: “Маці ў малітве, Кола сужонскіх пар, Хатні Касцёл. Вялікая колькасць вернікаў дыяцэзіі 25 сакавіка далучаецца да акцыі духоўнага “ўсынаўлення” ненароджаных дзяцей.

Актыўна працуюць вернікі над развіццём сваіх парафій у апостальскіх гру­пах “Аднаўленне парафіі і евангелізацыі” і “Новы вобраз парафіі”.

У многіх парафіях створаны касцельныя хоры; некалькі парафій (Браслаў, Сянно) маюць і свае тэатральныя групы.

Вялікая ўвага ў дыяцэзіі надаецца працы з тымі, хто патрабуе дапамогі. “Ка­рытас” Віцебскай дыяцэзіі аказвае дапамогу дзецям-сіротам, хворым, інвалідам, шматдзетным сем’ям, бяздомным, тым, хто жыве ў нястачы.

Вялікая праца ў дыяцэзіі вядзецца з тымі, хто хоча пазбавіцца ад рознага роду залежнасцей. Цэнтрам душпастырства цвярозасці ў дыяцэзіі з’яўляецца парафія Святога Станіслава, біскупа і мучаніка ў а.г. Далёкія. У жніўні 2016 г. пры парафіі Езуса Хрыста —Валадара Сусвету ў Бягомлі распачаў працу Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў “Светач”. Гэта першы цэнтр у краіне, які створаны пры непасрэднай падтрымцы Рыма-Каталіцкага Касцёла.

У душпастырскай працы ў дыяцэзіі вялікая ўвага надаецца працы з молад­дзю, асабліва ў вялікіх гарадах. У апошні час даводзіцца ўлічваць новыя рэаліі, калі шмат людзей пакідае вёскі, дзе застаюцца пераважна людзі пажылога і ста­рога ўзросту, а моладзь і сярэдняе пакаленне перасяляюцца ў гарады.

Падрыхтавала Кацярына Лаўрыненка

для друку для друку