120 хлопцаў прынялі ўдзел у дванаццатым турніры міністрантаў у Жодзіне

5 і 6 красавіка ў Жодзіне прайшоў дванаццаты турнір міністрантаў. Сёлетняя сустрэча стала незвычайнай дзякуючы таму, што сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў – амаль 120 хлопцаў з розных парафій. Гэтым разам да спісу пастаянных удзельнікаў — Барысава, Друі, Маладзечна, Мінска, Смалявічаў, Оршы – далучылася каманда міністрантаў з Глыбокага.

За вялікі кубак хлопцы змагаліся ў шматлікіх катэгорыях, сумяшчаючы выпрабаванні сваіх спартыўных талентаў, інтэлектуальных здольнасцяў і літургічнай падрыхтоўкі. Апрача духоўнай часткі праграмы, якая ўключала ў сябе св. Імшу на пачатак сустрэчы і на заканчэнне, Крыжовы шлях і конкурс літургічных ведаў, безумоўна, адным з самых яскравых момантаў сустрэчы быў турнір па міні-футболе. Малы кубак па ім сярод малодшых міністрантаў заваявала каманда з Барысава, сярод дарослых – з парафіі Мінск-Сухарава. Да таго, хлопцы з сухараўскай парафіі занялі першыя месцы ў конкурсе “Што? Дзе? Калі?” і праявілі сябе найлепшым чынам у інтэлектуальнай гульні па літургічных ведах. Каманда з Друі змагла адзначыцца адразу ў трох катэгорыях, заняўшы першыя месцы па настольных футболе, настольным тэнісе і каманднай эстафеце.

Па выніках агульнага заліку пераможцамі сталі міністранты з парафій:

  1. Мінск-Кунцаўшчына
  2. Жодзіна
  3. Мінск-Сухарава

Трэба адзначыць, што асаблівым чынам гэты турнір адзначыўся высокім узроўнем камандаў і тым, што да апошняй хвіліны немагчыма было адказаць на пытанне, хто ж возьме вялікі кубак.

 

Скончыўся турнір св. Імшой, пасля якой адбылася цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў і пераможцаў, кожны міністрант атрымаў памятныя прызы, якія да наступнай сустрэчы будуць нагадваць аб гэтых цудоўных днях.

 

Па матэрыялах сайта catholic-zhodzina.by

Больш фота можна паглядзець тут>>

для друку для друку