12 парад паводле Папы Францішка на 12 месяцаў новага года

Пачатак новага года — добры час для вызначэння шляхоў, якімі мы будзем ісці бліжэйшыя 12 месяцаў. Пералік гэтых парад змешчаны ў тэкстах і прамовах Святога Айца.

1. Будзьце будаўнікамі мастоў, а не сцен. Кожны хрысціянін пастаянна будуе масты дыялогу з іншымі, а не сцены непаразумення. Хрысціянін заўсёды павінен шукаць шляхі слухання, спосабы прымірэння з пакорай і мяккасцю, таму што гэтаму нас навучыў Сын Божы (гамілія ў Доме Cвятой Марты 23 студзеня 2015 г.).

2. Няхай чужыя пакуты падштурхоўваюць вас да дзеянняў і даюць вам веды аб тым, што крывадушнікі не могуць плакаць, яны забыліся як гэта зрабіць і не просяць пра дар слёз. Калі мы робім нешта правільна, то амаль інстынктыўна ў нас нараджаецца жаданне каб нас пахвалілі за гэты добры ўчынак, каб намі захапляліся, а мы атрымоўвалі задавальненне ад гэтага. Езус заклікае нас рабіць добрыя справы без пахвалы і разлічваць толькі на ўзнагароду Айца, які «бачыць таямніцу» (Мц 6, 4; 6; 18) (гамілія ў Папяльцовую сераду, 18 лютага 2015 г.).

3.Не бойцеся сораму, калі робіце штосьці дрэннае. Мы павінны навучыцца мудрасці, каб адчуваць і прызнаваць віну … Я вінаваты, адчуваю боль, выкліканы траўмай, я ведаю, адкуль гэта, і прызнаю сваю віну. Не бойцеся папрокаў сумлення, бо яны — знак выратавання (гамілія ў Доме Святой Марты, 28 верасня 2017 г.).

4. Марце пра любоў. Так казаў Папа Францішак у Маніле ў 2015 годзе: «Сям’я не можа існаваць без мар. Калі ў сям’і знікае магчымасці марыць, любіць — каханне не расце, жыццё памірае і знікае … Мары надзвычайна важныя, асабліва ў сям’і. Я хачу папрасіць, каб вы не гублялі гэтую сілу мары!»

5.Не прывязвайцеся да багацця. Прыхільнасць да багацця — гэта пачатак усялякага зла, усюды … Ёсць пэўны сакрэт ва ўладанні багаццем. Прывязанасць да яго прыводзіць да таго, што мы думаем: «усё ў парадку», «рай на зямлі», але гэта пазбаўляе нас надзеі, забірае перспектыву. А жыццё без перспектывы бясплоднае, жыццё без надзеі сумнае (гамілія ў Доме Святой Марты, 25 мая 2015 г.).

6. Штодня маліцеся за сваё здароўе і здароўе вашых блізкіх. Малітва за хворых ніколі не можа быць занадта вялікай. Нам трэба маліцца больш, як паасобку, так і ў  супольнасці, грамадстве … Наогул, хвароба часам умацоўвае сілу сямейных сувязей. Я думаю, што вельмі важна выхоўваць у дзяцей салідарнасць да хваробы. Выхаванне, якое абараняе ад уразлівасці да людской хваробы, робіць сэрца неадчувальным і дзяцей «неадчувальнымі» на пакуты іншых людзей, тымі, якія не могуць справіцца са сваімі пакутамі і жыць з досведам абмежавання (агульная аўдыенцыя 10 чэрвеня 2015 г.).

7. Будзьце моцныя ў веры, перамагайце падзелы. Калі мы аддаём сябе, мы адкрываем сапраўдную ідэнтычнасць дзяцей Божых, створаных па вобразу Айца, і — як Ён — стваральнік жыцця; мы адкрываем, што мы з’яўляемся братамі і сёстрамі Езуса, пра якога мы сведчым. Вось што азначае — евангелізаваць; гэта новая рэвалюцыя, таму што наша вера заўсёды рэвалюцыйная; гэта наш глыбокі і працяглы кліч (7 ліпеня 2015 г., святая Імша ў Эквадоры).

8. Працуйце для годнага жыцця для вас і вашай сям’і. Праца — паўтараю гэта ў розных формах — уласцівасць чалавечай асобы. У ёй выражаецца годнасць чалавека, істоты, створанай па вобразе Бога. Менавіта таму мы кажам, што праца — гэта свята … Я вельмі рады бачыць, што кіраўнікі працуюць над стварэннем працоўных месцаў і імкнуцца забяспечыць працай усіх. Праца — гэта свята, яно дае годнасць сям’і. Мы павінны маліцца, каб не было недахопу працы ў сям’і, таму што праца, як і свята, належыць намерам Бога-Творцы (Агульная аўдыенцыя, 19 жніўня 2015 г.).

9.Не дазваляйце адабраць у вас надзею. У аб’ектыўнасць жыцця павінна ўваходзіць здольнасць марыць. Моладзь, якая не можа марыць, абмяжоўваецца самой сабой, замкнёна ў сабе. Усе мараць пра рэчы, якія ніколі не здараюцца … Але марыце пра іх, шукайце іх, шукайце перспектывы, адкрыйце сябе. Адкрыйцеся на вялікія рэчы (Папа Францішак у Гаване, Куба, 20 верасня 2015 г.).

10. Памятайце, што Бог ніколі не пакідае нас, Езус увесь час абвяшчае нам, што Бог не дэспатычны камандзір, але Айцец, поўны любові, чуласці і дабрыні. І таму мы можам і павінны давяраць Яму бясконца (гамілія ў Доме Святой Марты, 20 лістапада 2017 г.).

11. Знайдзіце шчасце, ствараючы гармонію. Калі мы асуджаем чалавека, мы выдаляем яго. Ёсць два магчымыя шляхі: выключэнне людзей з нашай суполкі і шлях іх далучэння і аб’яднання. Першы, хаця і не цалкам, ляжыць на пачатку ўсіх войнаў: усе катастрофы, усе канфлікты пачынаюцца з выключэння. Ёсць выключэнні з міжнароднай супольнасці, а таксама з сем’яў. Замест гэтага шляху Езус вучыць нас супрацьпастаўляцца выключэнню (гамілія ў Доме Святой Марты, 5 лістапада 2015 г.).

12. Ведайце, што вас любяць, каб вы маглі дарыць любоў і прабачэнне іншым. Папа Францішак параўноўвае любоў да Бога з любоўю бацькі ці маці, якія размаўляюць са сваімі дзецьмі пасля таго, як яны прачнуліся ад кашмару ноччу. Гэтак жа, як бацькі нас супакойваюць, кажучы: «Не бойцеся, я побач», так Бог кажа: «Не бойцеся вашых грахоў, я люблю вас; Я тут, каб прабачыць табе. Гэта — Божая Міласэрнасць», — тлумачыць Папа (гамілія ў Доме Святой Марты 10 снежня 2015 г.).

pl.aleteia.org

для друку для друку