115-годдзе блаславёнага беларускага святара Юрыя Кашыры

4 красавіка 115 год таму нарадзіўся блаславёны беларускі каталіцкі святар Юры Кашыра. Ён вядомы тым, што з калегам Антоніем Ляшчэвічам не здрадзіў сваім прыхаджанам і пайшоў на пакутніцкую смерць разам з імі.

Юры Кашыра з вернікамі прайшоў дарогай смерці і быў спалены ў вёсцы Росіца, што ў Верхнядзвінскім раёне. Гэта адбылося падчас карнай антыпартызанскай аперацыі «Зімовы цуд» у лютым 1943 года.

Подзвіг святароў і тыя падзеі апісала ў сваёй кнізе “Будзь воля твая” журналістка і пісьменніца Ірына Жарнасек.

– Айцец Юры Кашыра свядома ўзяў крыж свой. Мне сведкі распавядалі, як яны бачылі, як Юры Кашыра ўзяў крыж, як яны глядзелі праз шчэлкі дзвярэй, як ён узначаліў гэтую працэсію, пайшоў першым. Ён свядома прыняў гэтую смерць. Таму гэты выбар проста не можа не захапляць.

Як кажа айцец-марыянін Міхаіл Цвячкоўскі з Жодзіна, служэнне святароў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча – прыклад для многіх, варты для пераймання.

– Святары Юры Кашыра і Антоній Ляшчэвіч аддалі жыццё за сваю паству, засталіся вернымі да канца, хаця мелі магчымасць адыйсці, у іх быў дазвол на гэта. Гэта знак унутранай адданасці Богу. Бо без прыналежнасці ўнутранай да Бога, гэта было б нерэальна, немагчыма. Калі чалавек не жыў бы Богам, ён у апошні момант збег бы, таму што жыццё фізічнае для яго было б важнейшым.

Юры Кашыра, як і Антоній Ляшчэвіч, уваходзіць у лік 108 бласлаўлёных пакутнікаў Другой сусветнай вайны. Іх беатыфікаваў рымскі папа Ян Павел II падчас наведвання Варшавы 13 чэрвеня 1999 года.

Таццяна Смоткіна, racyja.com

для друку для друку