110-годдзе касцёла адзначылі ў Празароках (+відэа)

21 кастрычніка свой пастырскі візіт біскуп Алег Буткевіч распачаў у в. Ветрына (Полацкі дэканат). Нядзеля, 22 кастрычніка, стала вельмі насычаным днём для розных сустрэч з вернікамі: святая Імша ў капліцы ў Фарынаве, спатканне з вернікамі ў Ломашах і Псуі.

Варта адзначыць, што ў Псуі католікі і праваслаўныя вельмі сябруюць і ў вёсцы паставілі разам два крыжы, а паміж імі фігуру Маці Божай. Жыхары разам і даглядаюць гэта месца. Ёсць мясцовая традыцыя: раз на тыдзень хаты вяскоўцаў наведвае фігурка анёла, жыхары моляцца і на працягу тыдня даглядаюць прыдарожную капліцу, нягледзячы каталіцкая гэта ці праваслаўная сям’я. І вось падчас сустрэчы з іерархам ля крыжоў, жыхары разам памаліліся таямніцу ружанца, дзе чаргавалі “Вітай, Марыя” на беларускай і стараславянскай мовах.

Фота TUT.by

Потым біскупа Алега чакалі ў Празароках (Глыбоцкі дэканат), на самым пачатку ў мясцовым шпіталі і школе. Дырэктар школы Вольга Гінько правяла экскурсію па ўстанове адукацыі, наведалі музей Ігната Буйніцкага. А затым для ардынарыя вучні і настаўнікі, якія адмыслова ў нядзелю сабраліся каб спаткацца з высокім госцем, прадставілі візітную картку школы.

Біскуп Алег паразмаўляў з прысутнымі ў актавай зале школьнікамі і настаўнікамі на тэму шчасця: “Ствараючы нас да шчасця, Бог нас стварыў да вечнасці. І гэтая вечнасць, якая нам прызначаная, сёння залежыць ад нашага выбару”.

Па прыездзе біскупа да святыні, ля брам шаноўнага госця чакалі вернікі Празарок і навакольных весак. Падчас прывітання ардынарый ушанаваў пацалункам крыж, прыняў ад парафіян хлеб-соль і акрапіў прысутных свянцонай вадой. На хвілінку ціхай малітвы іерарх затрымаўся перад алтаром Маці Божай.

Біскупа Алега прывіталі дзеці і падаравалі вялікае сэрца ад празароцкіх маленькіх вернікаў. Таксама словы прывітання і падзякі іерарху і пробашчу парафіі скіравала старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч. Таксама словы ўдзячнасці і малітоўнай падтрымкі скіравалі пастаўчане – землякі мясцовага пробашча кс. Дзмітрыя Рацько.

Затым настаўніца гісторыі Марыя Сулімава распавяла пра гісторыю касцёла ў Празароках.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны ў 1899-1907 гг. з цэглы. У 1949 годзе быў забраны камуністычнымі ўладамі і прызначаны на склад для збожжа, але 29 чэрвеня 1989 года вернуты празароцкім вернікам.

“Гісторыя касцёла мела розныя старонкі, трагічныя старонкі, але тое, што бачым сёння – сведчанне таго, што Бог не пакідае сваіх людзей. Бог не дазваляе доўга з сябе жартаваць і выпраўляе тое, што чалавек у сваёй гісторыі піша на крывых старонках. Таму сёння для нас нагода – быць удзячнымі Пану Богу за Яго міласэрнасць, любоў, прысутнасць у нашым жыцці”, — падкрэсліў біскуп.

На свята ў Празарокі прыбылі дэкан Глыбоцкі кс. Мікалай Ціхановіч, пробашч з Дзісны кс. Вячаслаў Адамовіч і кс. Віталь Галец з Ушачаў.

Падчас урачыстай Эўхарыстыі біскуп дзякаваў Богу за 110 год існавання празароцкага касцёла, за час духоўнай адновы парафіі Святых Місій і маліўся ў інтэнцыі кандыдатаў да сакраманту канфірмацыі. Два дзясяткі вернікаў маладога і старэйшага пакалення прынялі дар умацавання ў сваёй веры.

Казанне іерарх прысвяціў словам з прачытанага ўрыўка Евангелля паводле св. Лукі: “Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу”.

 — Сённяшняе Евангелле паказвае, якую моц дае ў рукі чалавека вера. Калі мы праз веру становімся крыху вышэй над кожнай нашай жыццёвай сітуацыяй, тады бачна гэтае выйсце, нябачнае па-людскі. Неабходна, каб касцёл найдалей заставаўся тым, для чаго пабудаваны, заставаўся месцам спаткання Бога Айца са сваімі дзецьмі. Трэба памятаць, што тут менавіта ёсць тое месца, адкуль распачынаем шлях у вечнасць. Тут будуецца Божае Валадарства і менавіта тут вырашаюцца нашыя цяжкасці, якія па-за мурамі касцёла і без Бога для нас вельмі часта становяцца безвыходнымі і безнадзейнымі. Няхай Дух Святы абудзіць у нас тое, што як для Бога няма рэчаў немагчымых, так і для чалавека, які верыць у Бога і чыстым сэрцам прымае Ягоную праўду. І на гэтай праўдзе спрабуе будаваць свае штодзённае жыццё, жыццё сваёй сям’і і свайго грамадства. Няхай Святы Дух у чарговы раз адкрые нам гэту праўду і ўмацуе, — гэтымі словамі скончыў прамову біскуп Алег.

На заканчэнне св. Імшы словы ўдзячнасці за восем дзён навук вернікі скіравалі айцам-аблатам Анджэю Юхневічу і Дзмітрыю Занямонскаму, якія з 15 па 22 кастрычніка праводзілі Святыя Місіі.

Пасля святары і вернікі працэсіяй выйшлі на вуліцу, дзе адбылося асвячэнне місійнага крыжа, вызнанне веры і малітва. Усе атрымалі блаславенне ад айцоў-аблатаў, а таксама поўны адпуст, умовай атрымання якога быў удзел у Святых Місіях, споведзь і малітва ў інтэнцыях Папы Францішка.

Пасля гэтага айцы Анджэй і Дзмітрый уручылі ксяндзу Дзмітрыю святарскія стулы. Гэта азначала, што яны зноў перадалі ўладу ў парафіі пробашчу. Кс. Дзмітрый паабяцаў, што на гэтым Місіі не скончацца і ў наступным годзе запрашае айцоў-аблатаў на аднаўленне Святых Місій.

У гэты прыгожы і сонечны дзень усіх празарачан і гасцей з іншых вёсак і парафій чакаў невялікі пачастунак на вуліцы ля святыні.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку