11 лютага — Сусветны дзень хворага

swiatowy_dzien_chorego11 лютага адзначаецца Сусветны дзень хворага. 13 мая 1992 года яго ўстанавіў святы Ян Павел ІІ. У той дзень супалі 75-я гадавіна аб’яўлення Маці Божай Фацімскай і 11-я гадавіна замаху на жыццё Вялікага Папы.

Свята штогод адзначаецца 11 лютага, калі ў Касцёле ўспамінаюць першае аб’яўленне Маці Божай у 1858 годзе ў Лурдзе простай вясковай дзяўчынцы Бэрнардэце Субіру.

У гэты дзень вернікі прыходзяць у святыню, каб атрымаць сакрамант намашчэння хворых. Гэта адзін з сямі сакрамантаў, дадзеных хрысціянам, каб змаглі адчуць гаючую дапамогу Пана Бога, ягоную асвячальную ласку падчас хваробы. Спачатку вернікі прыходзяць да сакраманту споведзі, каб ачысціць сваю душу, а потым святар намашчае іх святым алеем, ускладае рукі і моліцца аб ласцы здароўя душы і цела.

Цярпенне і пакута з’яўляюцца для чалавека свайго роду жыццёвым выпрабаваннем, з якім цяжка справіцца сваімі сіламі. Тут дапамагаюць вера, рэлігія і святары, якія менавіта ў гэты час так неабходны хворым, каб даць ім надзею і дапамагчы ў гэтых хіба найцяжэйшых момантах жыцця. Калі хваробу і цярпенне чалавек перажывае разам з Хрыстом, калі ўсведамляе сабе што разам з Езусам церпіць дзеля збаўлення свету, то яны могуць стаць для хворага крыніцай духоўнага росту.

Дзень хворага павінен прыпомніць нам, што ў сітуацыі пакуты і цярпення не дастаткова толькі адпаведнай медыцынскай тэрапіі, а яшчэ вельмі патрэбна чалавечая цеплыня. Такія выхаваўчыя інстытуты, як сям’я або школа павінны з самых малодшых гадоў абуджаць у чалавека спачуванне да бліжняга і да яго пакуты.

для друку для друку