11 лютага — Сусветны дзень хворага

Ва ўспамін Маці Божай з Люрда, 11 лютага, у паўсюдным Касцёле ўжо ў 27-ы раз  адзначацца Сусветны дзень хворага. Яго дэвіз – словы з Евангелля паводле Мацвея: “Задарма атрымалі, задарма давайце” (Mц 10, 8).

Гэты дзень – нагода, каб на хвіліну засяродзіцца ў мітусні штодзённага дня і заўважыць, што хвароба і звязаныя з ёю цярпенні не мінаюць нікога з нас. Яны – праймаючы досвед, у якім мы спазнаём слабасць нашай прыроды, але таксама ацэньваем прыгажосць жыцця. У гэты дзень мы хочам звярнуць наш позірк на ўсіх людзей, якім не чужыя боль і цярпенне; якія кожны дзень нясуць цяжар сваёй хваробы.

“Апека над хворымі патрабуе прафесіяналізму і чуласці, бескарыслівых учынкаў, хуткіх і простых, як звычайны дотык, праз якія іншаму даецца адчуць, што ён важны”, – падкрэслівае Папа Францішак у пасланні на XXVII Сусветны дзень хворага. У ім звяртаецца асаблівае ўвага на значэнне слова “дар”. “Дар не атаясамліваецца з дзеяннем давання, бо ён можа быць названы так толькі тады, калі даеш сябе самога […] Гэта адрозніваецца ад давання менавіта таму, што заключаецца ў дары сябе і ў жаданні ўтварэння сувязі”, – піша Святы Айцец.

Таксама Папа адзначае, што “кожны чалавек бедны, патрабуючы і ўбогі” і што ні на адным этапе жыцця мы не здольныя цалкам вызваліцца ад патрэбы і дапамогі іншых. “Шчырае прызнанне гэтай праўды заахвочвае нас заставацца пакорнымі і практыкаваць з адвагай салідарнасць як цноту, неабходную для існавання”, – гаворыцца ў пасланні.

Пантыфік нагадвае пра постаць св. Маці Тэрэзы з Калькуты, у горадзе якой адбудуцца сёлетняе галоўныя мерапрыемствы Дня хворага. “Святая Маці Тэрэза дапамагае нам зразумець, што адзіным крытэрыем дзейнасці павінна быць бескарыслівая любоў да ўсіх, без увагі да мовы, культуры, этнічнай групы ці рэлігіі. Яе прыклад працягвае весці нас да пашырэння гарызонтаў радасці і надзеі для чалавецтва, якое мае патрэбу ў разуменні і чуласці”, – піша ён.

Няхай Сусветны дзень хворага будзе для нас не толькі нагодай да малітвы за хворых, але найперш няхай узбудзіць наша ўяўленне пра міласэрнасць, каб мы здолелі паспяхова прыйсці да іх з дапамогай.

Kс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку