100-гадовы юбілей адзначыла святыня ў Плюсах

pliusyНевялічкая і ўтульная вёска Плюсы, якая знаходзіцца на мяжы з Латвійскай Рэспублікай 15 лістапада асаблівым чынам была напоўнена людзьмі. Святыня Найсвяцейшай Тройцы адзначыла свой 100-гадовы юбілей, паведамляе waladarka.by.

На ўрачыстасць сабралася шмат вернікаў не толькі з Плюскай парафіі, але і з Браслава, Слабодкі, было шмат гасцей з суседняй Латвіі і іншых маленькіх вёсак і хутароў. Таксама прысутнічалі святары з суседніх парафій.

«Храм мае багатую і трагічную гісторыю, нягледзячы на тое, што па астранамічных мерках сто год – гэта невялікі кавалак часу», — зазначыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў Эўхарыстыю і заахвоціў усіх да супольнай малітвы. Святыня перажыла як росквіт, так і заняпад падчас вайны. Перажыла знявагу і знішчэнне, рамонт і аднаўленне.

Адметным было тое, што парафіяне ўзгадалі не толькі пра гісторыю касцёла, але і пра тых святароў, якія працуючы тут не пабаяліся выпрабаванняў і да апошніх хвілін свайго жыцця былі адданыя Богу і пакліканню. Іерарх падкрэсліў, што хоць яны і не далучаны афіцыйна да ліку святых, павінны быць для нас прыкладам.

У гаміліі біскуп Алег не адзін раз адзначыў, што святыня не павінна быць толькі месцам, дзе хрысціяне спаўняюць свае абавязкі. Іх сюды павінен прыводзіць Дух Святы, святыня павінна жыць.

Дзякуючы сакраманту канфірмацыі, які быў удзелены 15-ці маладым людзям, прысутныя маглі пагрузіцца ў атмасферу Пяцідзясятніцы і напоўніцца Духам Святым, да чаго і заахвоціў ардынарый.

Імша завяршылася словамі падзякі парафіянаў і ксяндза Казіміра Акушкі, які з 2002 года з’яўляецца пробашчам парафіі, спевам гімна «Магутны Божа» і пастырскім благаслаўленнем.

pliusy1 pliusy2 pliusy3 pliusy4 pliusy5

Анжаліка Пілат, тэкст
Ірына Гайдамовіч, фота

для друку для друку