10 спосабаў падрыхтоўкі да Святой Смерці

mogilkiНайважнейшы момант у нашым жыцці — гэта, менавіта, момант смерці. Ён вызначае наш лёс на ўсю вечнасць. Ці мы будзем выратаваны, або праклятыя. Ці мы будзем з Богам на працягу ўсёй вечнасці, ці будзем страчаныя для вечнасці.

Лепшы спосаб для нас усіх атрымаць святую смерць — гэта проста зараз, і пакуль не памром, рыхтавацца да святой і шчаслівай смерці. Спадзяемся, што гэтыя кароткія, але пранізлівыя сведчанні могуць дапамагчы вам прыняць правільныя рашэнні, і калі памраце, Пан Езус будзе вашым Збаўцам і будзе чакаць, каб адкрыць для вас вечныя брамы неба!

  1. Пражывайце кожны дзень свайго жыцця так, быццам гэта ваш апошні дзень. І ён цалкам можа быць такім. Езус папярэджвае нас: «Ён прыйдзе, як злодзей уначы». Будзьце гатовыя!
  2. Не — граху, так – Богу! Грэх прыводзіць да смутку, рабства і смерці. Адрачомся ад граху любой цаной, і звернемся да Бога, які дае жыццё. Езус сказаў: «Я — дарога, праўда і жыццё».
  3. Рабіце тое, што вы робіце. Гэта ключавое паняцце святасці. Гэта значыць пражываць таемнасць гэтага моманту і заўсёды імкнуцца выконваць свае абавязкі і абяцанні з лепшымі намерамі — у гонар і славу Божую!
  4. Упалі? Падымайцеся зноў! Калі вы трапілі ў грэх, які будзе паўтарацца, таму што ўсе мы грэшнікі, — устаньце адразу. Ніколі не адкладайце пераменаў на заўтра; хутчэй пачынайце мяняцца адразу — перш чым сонца зойдзе!
  5. Любоў. Заўсёды прагніце найвялікшай з усіх цнотаў: любові! Езус ясна кажа нам, што з’яўляецца самай вялікай з усіх запаведзяў, і гэта падвойная запаведзь: любіць Бога свайго ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсім розумам Сваім, і ўсёю моцаю сваёю! А другая частка гэтай запаведзі кажа любіць бліжняга свайго, як самога сябе. Гаворачы пра святую смерць, святы Ян ад Крыжа вучыць нас: «У канцы жыцця будзем асуджаны паводле меры нашай любові». Госпадзе, даруй нам штодзённае прагненне больш трывалай і гарачай любові! Падобна Панне Марыі, дай нам памерці з любові!
  6. Прывядзі іншых на Нябёсы. Арцыбіскуп Фултан Шын дае нам вялікую параду, як трапіць да Неба. «Калі вы хочаце патрапіць на нябёсы — вазьміце туды кагосьці з сабой». Езус кажа: «Па іхніх пладах пазнаеце іх». Нашым жаданнем павінна быць любоў да таго, што Бог любіць, а Бог любіць выратаванне несмяротнай душы. Спадзяюся, гэта будзе нашым палымяным і ўсёабдымным жаданнем!
  7. Думайце пра неба! Велізарнае значэнне ў дасягненні святасці і шчаслівай смерці з’яўляецца не толькі пастаянная думка пра дасягненне неба, але і разважанні, чым на самай справе з’яўляюцца нябёсы! Святы Павел дае нам толькі праменьчык з гэтымі натхнёнымі словамі: «Не бачыла таго вока і не чула вуха, і не ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго». Зрабіце гэта! Падумайце пра самыя шчаслівыя дзве гадзіны вашага жыцця, памножце іх на мільён, а потым дадайце вечнасць — гэта значыць на вякі вякоў. Такі прысмак або пробліск нябеснай славы чакае вас!!!
  8. Скажыце Езусу, чаго вы хочаце! У глыбіні свайго сэрца пагаварыце з Езусам і выкажыце яму вялікае жаданне вашага сэрца, а менавіта: што вы хочаце ўсё больш расці ў любові да Яго на кожны дзень, але вы таксама хочаце любіць Яго на нябёсах на вякі вякоў. Кажыце гэта Езусу і нагадвайце яму пра гэта кожны дзень. Прасіце вашага анёла-ахоўніка, каб прыйшоў да вас на дапамогу!
  9. Чысцец і пакуты. Чаму б не папрасіць Пана Езуса, каб даў вам Чысцец тут, яшчэ на зямлі? Праўду кажуць: «Заплаці або зараз, або пазней!» На самай справе значна лепш заплаціць яшчэ тут, на зямлі, чым потым, у агні чыстца пасля смерці. Як гэта можа стаць рэальнасцю? Проста і цяжка адначасова! Мы ўсе павінны пакутаваць, і рознымі спосабамі: фізічна, эмацыйна, эканамічна (многія з нас), сацыяльна і духоўна. Чаму б не пакласці вашыя пакуты за навяртанне грэшнікаў, ачышчэнне душ у Чыстцу? Акрамя таго, гэтыя пакуты на зямлі з’яўляюцца вашым зямным чыстцам, каб дазволіць вам хутка патрапіць на нябёсы! Шмат хто з нас ніколі не задумваўся пра гэта, але Бог не хоча, каб мы пайшлі ў Чысцец. Хутчэй за ўсё, Ён хоча, каб мы ішлі прама на Неба, без прыпынкаў! Будзем сумленнымі, Неба закрыта не з-за такой волі Бога, але праз наш уласны гонар, эгаізм, пыху і супраціў Божай ласкі. Чаму б не прасіць Госпада, каб мы адпавядалі Божым ласкам, прынялі жыццёвыя пакуты так, каб злучыцца з Богам адразу ж пасля смерці, што азначае жыццё вечнае!
  10. Марыя: Каралева святых і анёлаў. Усе святыя згодныя з гэтай духоўнай сентэнцыяй: «Марыя — гэта самы хуткі, бяспечны і найбольш эфектыўны шлях да Езуса і да нябёсаў». Чаму б прама цяпер не звярнуцца да Марыі і не папрасіць ласкі патрапіць на нябёсы? Спытайце Марыю ў малітве, што з’яўляецца асноўнай перашкодай у вашым жыцці, якая блакуе ваш вольны доступ да Езуса і нябёсаў. Тады прасі нашу Пані аб ласцы перамянення, каб пераадолець гэтую перашкоду, і зрабіць «духоўны аб’езд» па дарозе да Неба.

А. Ед Брум OMV, Catholic Exchange

Пераклад з credo-ua.org

 

для друку для друку