10 спосабаў падрыхтавацца да святой смерці

Самы важны момант у нашым жыцці — гэта, па сутнасці, момант смерці. Ён вызначае наш лёс на ўсю вечнасць. Альбо мы будзем выратаваны, альбо будзем пракляты. Альбо мы будзем з Богам на працягу ўсёй вечнасці, альбо будзем страчаныя для яе.

Лепшы спосаб для нас усіх мець святую смерць — гэта зараз, і пакуль мы не памром, рыхтавацца да святой і шчаслівай смерці. Спадзяемся, што гэтыя кароткія, але шчымлівыя сведчанні могуць дапамагчы вам прыняць правільныя рашэнні, так што, калі вы памраце, Пан Езус стане вашым Збаўцам і будзе чакаць, каб адчыніць вам вечныя брамы неба!

  1. Пражывайце кожны дзень свайго жыцця так, быццам гэта быў ваш апошні дзень. І ён сапраўды можа быць. Езус папярэджвае нас: «Ён прыйдзе, як злодзей уначы». Будзьце гатовыя!
  2. Не — граху, так — Богу! Грэх вядзе да смутку, рабства і смерці. Адмовімся ад граху любой цаной і звернемся да Бога, які дае жыццё. Езус сказаў: «Я — дарога, праўда і жыццё».
  3. Рабіце тое, што робіце. Гэта ключавое паняцце святасці. Гэта азначае пражываць сакрамант гэтага моманту і заўсёды імкнуцца выконваць свае абавязкі і абяцанні з найлепшымі намерамі — на гонар і славу Божую!
  4. Упалі? Уставайце зноў і зноў! Калі вы ўпалі ў грэх, які паўторыцца, бо ўсе мы грэшныя, неадкладна ўставайце. Ніколі не адкладайце перамены на заўтра; хутчэй пачніце мяняцца адразу — да таго, як сонца зайдзе!
  5. Любоў. Заўсёды імкніцеся да самай вялікай з усіх цнотаў: любові! Езус выразна кажа нам, што найвялікшая з усіх запаведзяў: любіць Бога свайго ўсім сэрцам, і ўсёй душой, і ўсім розумам, і ўсімі сіламі! А другая частка гэтай запаведзі кажа: любі бліжняга, як самога сябе. Гаворачы аб святой смерці, святы Ян ад Крыжа вучыць нас: «Напярэдадні нашага існавання нас будуць судзіць па любові». Госпадзе, дай нам штодзённае жаданне моцнай і гарачай любові! Па прыкладу Найсвяцейшай Панны Марыі, дай нам памерці ад любові!
  6. Прывядзіце іншых на Неба. Арцыбіскуп Фултан Шын дае нам вялікую параду, як трапіць на Неба. «Калі вы хочаце трапіць на неба, вазьміце каго-небудзь з сабой». Езус кажа: «Па пладах іхніх пазнаеце іх». Нашым жаданнем павінна быць любоў да таго, што любіць Бог, а Бог любіць выратаванне несмяротнай душы. Няхай гэта будзе нашым палымяным і ўсёабдымным жаданнем!
  7. Думайце пра Неба! Вялікае значэнне для дасягнення святасці і шчаслівай смерці мае не толькі пастаянная думка спасцігнуць неба, але і разважанне пра тое, чым на самой справе ёсць неба! Святы Павел дае нам толькі прамень з такімі натхнёнымі словамі: «Тое, што вока не бачыла і вуха не чула, і тое, што не ўпала на сэрца чалавеку, Бог падрыхтаваў для тых, хто любіць Яго». Зробіць гэта! Падумайце аб самых шчаслівых дзвюх гадзінах у вашым жыцці, памножце іх на мільён, а потым дадайце вечнасць. Гэта смак і пробліск нябеснай славы, які вас чакае!
  8. Скажыце Езусу, што вы хочаце! Глыбока ў сваім сэрцы пагаварыце з Хрыстом і выкажыце Яму найвялікшае жаданне свайго сэрца, а менавіта тое, што вы хочаце расці ўсё больш і больш у Яго любові кожны дзень, але таксама хочаце любіць Яго ў вечнасці. Скажыце гэта Езусу і нагадвайце Яму пра гэта кожны дзень. Прасіце свайго анёла-ахоўніка прыйсці на дапамогу!
  9. Чысцец і пакуты. Чаму б не папрасіць Пана Езуса даць вам чысцец тут, на зямлі? Праўду кажуць: «Вы заплаціце альбо зараз, альбо пазней!» На самай справе, нашмат лепш плаціць тут, на зямлі, чым пазней, у агні чысцу пасля смерці. Як гэта можа стаць рэальнасцю? Проста і складана адначасова! Мы ўсе павінны пакутаваць, прычым па-рознаму: фізічна, эмацыянальна, эканамічна (шмат хто з нас), сацыяльна і духоўна. Чаму б не пакласці свае пакуты за навяртанне грэшнікаў, ачышчэнне душ у чысцу? Акрамя таго, гэтыя пакуты на зямлі будуць служыць вашым зямным чысцам, каб вы маглі хутка дабрацца да неба! Шмат хто з нас ніколі пра гэта не думаў, але Бог не хоча, каб мы ішлі ў чысцец. Хутчэй за ўсё, Ён хоча, каб мы ішлі проста на Неба, не спыняючыся! Скажам шчыра, Неба закрыта не з-за волі Божай, а з-за ўласнага гонару, эгаізму, пыхі і супрацьстаяння Божай ласцы. Чаму б не папрасіць Госпада, каб маглі адказваць на Божыя ласкі, прымаць жыццёвыя пакуты, каб уз’яднацца з Богам адразу пасля смерці, што азначае жыццё вечнае!
  10. Марыя: Каралева святых і анёлаў. Усе святыя згодныя з гэтым духоўным выслоўем: «Марыя — гэта самы хуткі, бяспечны і эфектыўны шлях да Езуса і да неба». Чаму б проста не звярнуцца да Марыі зараз і не папрасіць ласкі трапіць на неба? Запытайцеся ў Найсвяцейшай Панны ў малітве, што з’яўляецца галоўнай перашкодай у вашым жыцці, якая блакуе вашаму свабоднаму доступу да Езуса і неба. Тады папрасіце ў Божай Маці ласку пераменаў, каб пераадолець гэтую перашкоду і здзейсніць «духоўны аб’езд» на шляху да Неба.

Credo.pro, пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку