10 снежня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Дзень удзячнасці тым, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе

10 снежня, у ІІ Нядзелю Адвэнту, у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі адзначаецца Дзень удзячнасці тым, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе.

У Польшчы гэты дзень, які праходзіць па ініцыятыве каталіцкага епіскапату, мае назву Дзень малітваў і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе.

Епіскапатамі Беларусі, Украіны і Расіі ІІ Нядзеля Адвэнту абвешчана Днём удзячнасці тым, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе.

Мэта гэтага дня — наданне асаблівай увагі Каталіцкаму Касцёлу, які адраджаецца ў краінах Усходняй Еўропы, Расіі і Цэнтральнай Азіі, а таксама падтрымка ўсялякіх ініцыятываў, што прадпрымаюцца на карысць евангелізацыі Усходу.

У сёлетнім паведамленні біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч заклікае да ўдзячнай малітвы ў інтэнцыі ахвярадаўцаў і падкрэслівае, што Касцёл на Гродзеншчыне шматразова карыстаўся гэтай дапамогай вернікаў Касцёла ў Польшчы.

“Наш гродзенскі Касцёл карыстаецца шчодрай дапамогай, якая аказваецца ў выглядзе ахвяраваных элементаў літургічнага адзення, элементаў абсталявання сакральных будынкаў, а таксама фінансавай падтрымкі разнастайных душпастырскіх, катэхетычных, адукацыйных, будаўнічых і дабрачынных праектаў”, — адзначыў іерарх.

Усе вернікі заахвочваюцца да малітвы ў інтэнцыі дабрадзеяў Касцёла, пры дапамозе якіх узводзяцца і аднаўляюцца ў нашай краіне святыні і ажыццяўляюцца розныя душпастырскія праекты.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку