10 снежня: другі тыдзень Адвэнту

Аднойчы:

Езус сказаў сваім вучням: Як вы думаеце? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала? І, калі атрымаецца знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён радуецца ёй больш, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.

Гэтак няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых. (Мц 18, 12–14)

Паспрабуем уявіць сабе гэтую сітуацыю з сённяшняга Евангелля паводле Мацвея. Пастухі пільнуюць свае статкі авечак. Ёсць іх сотня, усе подобныя адна да адной, іх шмат і таму непадрыхтаваны, “чужы” чалавек не ў стане гэтых жывёл адрозніць, а тым больш хутка заўважыць, што кагосьці ў гэтым статку не хапае. Пастух — гэта менавіта той чалавек, які з авечкамі праводзіць амаль увесь свой час, побач з імі жыве, спажывае ежу, разам з імі раздзяляе цяпло, холад ды іншыя праявы надвор’я і прыроды. Ведае ён вельмі добра сваіх авечак, якая старая, якая хворая, на якую трэба больш звярнуць сваёй увагі.

Хрыстос адмыслова выкарастоўвае менавіта гэты вобраз, каб больш дасканала і яскрава распавесці сваім слухачам аб тым, як Бог клапоціцца пра сваіх дзяцей. Чалавеку, які вельмі часта мае спажывецкую логіку свайго жыцця, не надта лёгка зразумець нелагічную логіку Бога. Як можна маючы яшчэ 99 авечак пакінуць іх без адпаведнага нагляду і пайсці невядома ў якім кірунку. Ёсць жа 99 авечак – іх хопіць, ну згубілася адна, так бяры яе ліха.

Аднак Бог усё ж такі дзейнічае нелагічна паводле чалавека, таму і выклікае незразуменне. Гэтыя адзінкавая авечка (чалавек) настолькі важная для Бога, што Ён гатовы зарыкаваць усім што мае толькі з адзінай мэтай – уратаваць гэтую авечку. Ідзе ў невядомасць, шукае розныя накірункі, не звяртае ўвагі на розныя акалічнасці, якія могуць узнікнуць падчас пошуку. Усё дзеля “малаважнай” авечкі, дзеля яе ратунку, дзеля яе шчасця.

Касцёл у сваёй мудрасці дае нам гэтае Слова ў Літургіі менавіта напярэдадні прыйсця Збаўцы. Тут зноў Бог дзейнічае нелагічна – Усемагутны Бог прыходзіць як безабароннае Дзіця. Створца жадае праз сваё Слова паказаць нам з аднаго боку тое, што цяжка нам зразумець Божую логіку, а з іншага боку, што Бог ідзе на ўсе магчымае каб толькі не згубіць, не страціць чалавека, а калі нават гэта станецца, то адшукаць яго, уратаваць з небяспекі. Кожны з нас можа разлічваць на тое, што Бог прыйдзе нам на дапамогу, будзе рызыкаваць усім, каб нам дапамагчы.

Але ж ці мы сапраўды жадаем гэтай дапамогі і ці сапраўды гатовы яе прыняць? Ці хопіць нам веры і любові да Бога, каб дазволіць Яму нас адшукаць? Бог нас заўсёды шукае, а ці дазваляем мы сябе адшукаць і ўратаваць? Ці хочам мы гэтага, ці гэта нам патрэбна?

Кс. Вячаслаў Адамовіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі